Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Вось жа прагрэс які. Пачаўшы зь нясьмелай і асьцярожнай тэзы, што наша мова «такая ж людзкая», сьціплы беларускі нацыяналізм пакрысе дакаціўся да «другой у сьвеце паводле мілагучнасьці пасьля італійскай». «Я гдзе-та чытала... — скажа, пачуўшы беларускую мову ад жывога чалавека, якая-небудзь настаўніца малодшых клясаў, ці прадавачка курыных пупкоў, ці рыэлтэр з рэшткамі сумленьня. — Што беларускі язык — ўтарой у мірэ пасьля...»

Далей можна не працягваць. Плавалі, знаем — у сэнсе: чулі, сьмяяліся. І сьмяяліся, дарэчы, даволі ўхвальна. Што ж, «гдзе-та» — ужо амаль што газэта, а згаданая фраза — бальзам на хворае беларускае сэрца, у якім тырчыць, пагойдваючыся, Багдановічаў самурайскі меч.

Я вось таксама «гдзе-та» чытаў. Пра тое, што француская — для мастацтва, ангельская — для навукі, італійская — для каханьня, нямецкая — каб камандаваць (таксама — разнавіднасьць любові), расейская — каб лаяцца. Варыяцыяў на гэтую тэму існуе багата. Беларуская — каб... Ну, што там можа быць другое пасьля каханьня? Грошы? Слава? Дзеці? Патрэбнае падкрэсьліць. Асабіста я падкрэсьліваю дзяцей.

«Мне очень нравится белорусский язык: он мягкий, приятный. Если не ошибаюсь, то по своему благозвучию белорусский язык занимает второе место в мире (на первом — итальянский). Это очень красивый язык, и мне очень жаль, что в нашей стране немного людей ежедневно говорит на нем».

Пачуеш такое — і цячэ скупая, бясполая (дзеля паліткарэктнасьці) сьляза. Ну як тут не паціснуць руку чалавеку?.. Хоць і чухня, але галаву пачухаеш. А можа, пачухаюць і іншыя. Мэта апраўдвае сродкі. Нават калі яны такія дурныя, што ня могуць самі выйсьці з залі суду.

Дабрацца б калі-небудзь да тых загадкавых сьпісаў, індэксаў, рэйтынгаў і гіт-парадаў мілагучнасьці. Але ў тым і праблема, што нехта іх надзейна схаваў ад грамадзкасьці — тыя сьпісы, дзе на другім месцы менавіта беларуская, а не якая іншая. Аднак мы верым: праўда на нашым баку. Хаця пытаньні застаюцца...

Добра: срэбра і другая прыступка на п’едэстале. А хто трэці? Калі на першым італійская, дык лягічна меркаваць, што менавіта раманскія мовы ёсьць узорам і прыкладам для ўсіх астатніх. У такім разе выбар досыць вялікі. Напэўна, на трэцім месцы — рэтараманская мова. Яе мала хто чуў, а маўчаньне — першая прыкмета мілагучнасьці. Прынамсі, у гэта хочацца верыць, калі чарговы раз чуеш пра «другую ў сьвеце пасьля». Ідэальная прыгажосьць — гэта мёртвая прыгажосьць. Таму і італійскую варта было б замяніць на нейкую мёртвую мову... Вельмі раманскую і вельмі мёртвую. Якую-небудзь далматынскую або шуадыт.

А вось яшчэ пытаньне. Хто вызначаў мілагучнасьць? Хто, так бы мовіць, сядзеў начамі ў лінгафонным кабінэце, хто чырванеў і бляднеў у журы? Відавочна, у гэтую ганаровую кампанію неяк уплішчыўся адзін беларус, «вялікі друг італьянскага народу». Інакш сапраўды: чые гэта вушы настолькі тонкія, што могуць беспамылкова вызначыць ступень мілаты асобна ўзятай гаворкі? А калі журы не было, як праводзілася апытаньне? Паліглёты ўсяго сьвету аб’ядналіся — або людзей проста на вуліцах апытвалі? Дзесьці ва Ўагадугу: скажыце, якія тры мовы падаюцца вам самымі мілагучнымі? Ноў проблем, адказвае мінак, італійская, беларуская і далматынская. Дзякуем за ўдзел у апытаньні.

Пры словах «Другая ў сьвеце пасьля італійскай...» уяўляецца такі сабе конкурс: «Міс Мілагучнасьць дваццаць першага стагодзьдзя» ці як там яго лепш назваць. Пара тысяч моваў — і ўсе ў адных купальніках. Пранонсы азадкаў, парны лік грудзей, націскі голых ног, паўнагалосьсе сьцёгнаў... Нічога такая пысачка, юрліва шэпча адзін чалец журы другому. Адкуль яна? Беларусачка! — адказвае той, аблізваючыся. — Але мне італьяначка неяк больш... Смуглявенькая такая... Я б ёй...

Што ж, верыць у «другую пасьля італійскай» — гэта таксама спосаб любіць «родную мову». Неінвазійны мэтад, з дапамогай якога можна праявіць свой патрыятызм. Тут выразна бачыцца прыродная сьціпласьць нашага чалавека. Усё найлепшае — іншым. А мы і безь мілагучнасьці абыдземся. Нават другой у сьвеце пасьля італійскай. Хай ляжыць у шафе — для гасьцей, рэвізораў і работнікаў культуры.

Цікава, што нешта падобнае ёсьць і ў украінцаў. То бок на другім месцы замест беларускай у тамтэйшай вэрсіі ўкраінская мова (першынство і наймілейшасьць італійскай і ў іх ніхто не аспрэчвае). Самыя гарачыя патрыёты нават пабіцца гатовыя за тое, хто ж там «пасьля». Здаецца, рацыі ня мае ніводзін з бакоў. На другім месцы — ягоная Вялікасьць чалавек, які як хаціт, так і гаварыт. Можа, ён і ня надта мілы. Затое гучны — дай божа.

Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG