Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскія падзеі абвастраюць пытаньне пра беларускі сувэрэнітэт


Экспэрты шукаюць: дзе цяпер месца Беларусі на новай геапалітычнай мапе Пуціна?

Уладзімер Пуцін прапануе сьвету новую геапалітычную рэальнасьць, у якой мае месца захоп тэрыторыяў чужых краінаў, парушэньне ўмоваў міжнародных дамоваў і ігнараваньне думкі лідэраў іншых дзяржаў. Радыё Свабода запыталася ў беларускіх экспэртаў, якое месца ў гэтай геапалітычнай сыстэме адведзенае Беларусі.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі верыць, што сытуацыя ня дойдзе да найгоршага — да захопу ўкраінскіх тэрыторыяў. Падставай для такіх спадзеваў ён называе трывогу міжнароднай грамадзкасьці і лідэраў найбуйнейшых краін. Цяпер яны робяць экстраардынарныя захады, каб спыніць Расею, што імкнецца разбурыць сыстэму міжнародных дачыненьняў, хай сабе не ідэальную, якая больш-менш склалася пасьля Другой усясьветнай вайны:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Калі будзе праігнараваная Будапэшцкая дамова і Расея адарве Крым ад Украіны, тады многія краіны задумаюцца пра сваю ядзерную зброю. І тады ўсё можа пайсьці ў непрадказальным кірунку, аж да ўсясьветнай катастрофы», — адзначыў палітоляг.

Разважаючы пра ролю Беларусі ў геапалітычным сьветабачаньні Ўладзімера Пуціна, Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што Масква ня будзе лічыцца зь беларускай незалежнасьцю, а ў выпадку эўрапейскіх памкненьняў з боку беларускага кіраўніцтва — Беларусь чакае ўкраінскі сцэнар.

«Мы бачым, што Расея застаецца імпэрыяй, а гэта значыць, што зь беларускай незалежнасьцю яна лічыцца не зьбіраецца. Проста сёньня ў Крамлі ня бачаць неабходнасьці перасоўваць свае танкі ў нашым кірунку, бо Беларусь і так выглядае хаўрусьнікам. Але Лукашэнка, як той кажа, скурай адчувае імпэрскую небясьпеку, і ён казаў пра гэта падчас газавых, нафтавых, інфармацыйных войнаў з Расеяй. Іншая рэч, што ён з гэтай каляіны вырвацца ня можа і мусіць праз банальную патрэбу ў грашах падпісваць дамовы пра эўразійскую інтэграцыю, пускаць сюды расейскую авіябазу. А гэта, па сутнасьці, калянізацыя ціхай сапай. Але калі ўявіць, што кіраўнік Беларусі абвясьціў праэўрапейскі курс, то Крэмль цягам аднаго моманту можа знайсьці нейкую зачэпку — напрыклад, абарона расейскамоўнага насельніцтва, і разыграць падобны да ўкраінскага сцэнар. Таму з улікам украінскіх падзеяў вельмі моцна абвастраецца пытаньне пра беларускі сувэрэнітэт», — падсумаваў палітоляг.

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ, якая ад часоў свайго ўтварэньня падкрэсьлівае імпэрскую небясьпеку з боку Расеі, не сумняецца, што Ўладзімер Пуцін бачыць Беларусь як частку Расейскай Фэдэрацыі:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«У бачаньні Ўладзімера Пуціна ідэальным варыянтам што да Беларусі было б палітычнае ўваходжаньне нашай краіны ў склад Расеі ў якасьці асобнага суб’екта. Тое, што цяпер адбываецца ў Крыме, яскрава дэманструе: глыбока памыляюцца тыя, хто лічыць, што Расеі дастаткова кантраляваць эканоміку пры дапамозе такіх мяккіх сродкаў, як скупляньне інфраструктуры краіны, фармальна пакідаючы яе палітычную незалежнасьць. Мы бачым, што лёгіка мысьленьня ў Пуціна насамрэч абсалютна іншая — яму хочацца захопліваць жыцьцёвую прастору для Расеі, яму хочацца перадзелу межаў ва Ўсходняй Эўропе».

А эканаміст Барыс Жаліба кажа, што беларуская эканоміка лічыцца прыдаткам да Расеі, і як такі яна і разглядаецца Крамлём. Разам з тым экспэрт адзначае, што канфлікт, цяпер ужо паміж Расеяй і Захадам, можа прывесьці да значных эканамічных стратаў для Расеі з прычыны адтоку заходніх капіталаў з краіны:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
«Беларуская эканоміка — ужо даўно толькі прыдатак расейскай эканомікі. Беларусь — гэта васал Расеі, такое, на жаль, наша гістарычнае месца. Пуцін па-іншаму і не разглядае нас.

Я думаю, што нават для такой значнай дзяржавы, як Украіна, Захад ня пойдзе на адкрытую ваенную канфрантацыю з Расеяй. Усе разумеюць, што гэта ядзерныя дзяржавы, і ніхто не жадае разьвязваць трэцюю ўсясьветную вайну. Пакуль толькі ідзе пікіроўка. З боку Захаду прымаюцца ўсе магчымыя санкцыі, што, вядома, адаб’ецца на гандлёвых справах Расеі. Але Расея таксама харахорыцца. Пуцін пагражае, што ў адказ арыштуе заходнія актывы ў Расеі. А заходні капітал — гэта інвэстыцыі, сучасныя тэхналёгіі, страта якіх адаб’ецца на эканоміцы Расеі. Пуцін цяпер думае, як захаваць твар, вось ён нешта там і адказвае, спрабуе патлумачыць сваю пазыцыю. Калі ўлічыць, што расейская эканоміка грунтуецца на прыродных рэсурсах, то Захад можа раптоўна абвальна зьнізіць цэны на нафту, што прывядзе да мільярдаў даляраў эканамічных стратаў для Расеі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG