Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вазьняка аштрафавалі за правядзеньне перадвыбарчага пікету


Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

Судзьдзя Савецкага раённага суду Менску Марына Фёдарава аштрафавала на 40 базавых велічынь (5 мільёнаў 200 тысяч рублёў) кандыдата ў дэпутаты Менскага гарадзкога савета па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 38 Сяргея Вазьняка.

Вазьняк правёў 22 лютага перадвыбарчы пікет каля Камароўскага рынку, папярэдне паведаміўшы пра гэта ў Менгарвыканкам (як патрабуе Выбарчы кодэкс). Ён апусьціў пісьмовае паведамленьне ў скрыню гарвыканкама, адмыслова прызначаную для зваротаў і заяваў грамадзян.

Але гэты ліст зьнік, што дало падставу для абвінавачаньня кандыдата ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

Довады Вазняка і яго абаронцы аб тым, што артыкул 3 закона «Аб масавых мерапрыемствах» ўсталёўвае, што яго дзеяньне не распаўсюджваецца на правядзеньне мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках выбарчых кампаній, судзьдзёй былі праігнараваныя.

Вазьняк настойваў на тым, што любыя інцыдэнты, якія адбываюцца ў пэрыяд перадвыбарчай агітацыі, павінны кваліфікавацца ў рамках Выбарчага кодэкса, а не ў рамках заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, і прапаноўваў накіраваць справу на разгляд тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

«Я лічу рашэньне, прынятае Марынай Фёдаравай, неправавым. Зь 19 лютага (з моманту рэгістрацыі кандыдатам) і па 22 сакавіка (апошні дзень перадвыбарчай агітацыі) я знаходжуся пад юрысдыкцыяй Выбарчага кодэкса, і ўсе мае дзеяньні як кандыдата ў дэпутаты павiнны разглядацца не міліцыяй і судамі, а выбарчай камісіяй. Я думаю, „наезды“ улады на кандыдатаў, якiя падтрымлiваюцца кампаніяй „Гавары праўду“, зьвязаныя з тым, што асновай нашых перадвыбарных праграмаў сталі шэсьць пытаньняў Народнага рэфэрэндуму. Так што гэты штраф я разглядаю як хвалу за прапаганду рэферэндуму», — заявіў Свабодзе спадар Вазьняк.

Ён зьбіраецца абскардзіць рашэньне судзьдзі Фёдаравай ў Менскім гарадзкім судзе.
XS
SM
MD
LG