Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У гэты трывожны час» расейскія пісьменьнікі падтрымалі Пуціна


Расейскія пісьменьнікі выступілі з «ура-патрыятычным» зваротам да Пуціна і Думы.

Зварот пачынаецца з традыцыйных для Расеі ў такіх выпадках слоў:
«У гэты трывожны час, калі вырашаецца лёс ня толькі Расеі і Ўкраіны, але і ўсёй нашай эўрапейскай цывілізацыі, мы выказваем сваю падтрымку Вашай цьвёрдай і адказнай пазыцыі».

Далей пісьменьнікі паўтараюць словы Пуціна пра дзяржаўны пераварот у Кіеве, пра дэструктыўныя сілы Захаду, фашыстаў і нацыстаў у Кіеве, пра ўмяшальніцтва Захаду ў справы Ўкраіны.

«У выніку ў Кіеве незаконна прыйшлі да ўлады палітыкі, заклапочаныя не забесьпячэньнем правапарадку і бясьпекі грамадзянаў, а забаронай расейскай мовы і перасьледам усіх, хто гаворыць па-расейску, хто чытае Пушкіна, Гогаля, Тургенева, Дастаеўскага, Талстога, Чэхава, Шолахава... Хутка, як у Трэцім рэйху, запалаюць кнігі найвялікшых прадстаўнікоў сусьветнай літаратуры», — пішуць сучасныя расейскія літаратары Пуціну.

Яны абураныя разбурэньнем помнікаў савецкай эпохі ва Ўкраіне, «замест якіх узводзяцца ў нацыянальныя героі Бандэра, Шухевіч і ўсе тыя, хто па-зьверску зьнішчаў палякаў, габрэяў, расейцаў і ўкраінцаў, змагароў з фашызмам».

Літаратары заклікаюць Пуціна не баяцца эканамічных санкцый і міжнароднай ізаляцыі Расеі, нагадваюць, што супраць СССР ваявалі, апроч немцаў, гішпанцы, італьянцы, галяндцы, нарвэжцы, харваты, румыны, французы.

«Паважаны Уладзімер Уладзімеравіч! Паважаныя сябры Фэдэральнага Сходу Расейскай Фэдэрацыі! Мы разумеем, які цяжар гістарычнай адказнасьці лёг на Вашы плечы. І мы горача падтрымліваем Ваша рашэньне аказаць ўсебаковую дапамогу ўкраінскаму народу, народам Крыма, якія імкнуцца да мірнага і стваральнага жыцьця. Ваша цьвёрдая воля і Вашы ўзважаныя рашэньні выклікаюць у нас упэўненасьць у тым, што ўвесь рускі сьвет і ўсе народы Расеі і брацкай Украіны маюць надзейную абарону».

Сярод тых, хто падпісаў зварот да Пуціна, пісьменьнікі Валянцін Распуцін, Валерый Ганічаў, Альбэрт Ліханаў, Мікалай Драздоў і дзясяткі іншых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG