Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка ўпарта маўчыць пра Крым


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

«Беларускі прэзыдэнт вельмі хутка ўсьвядоміў, што яго найбліжэйшы саюзьнік можа ў любы момант напляваць на ўсе дамовы аб сяброўстве і папросту анэксаваць Беларусь»,— піша аўтар папулярнага расейскага сайта.

Расейская інтэрнэт-газэта slon.ru надрукавала артыкул наконт адсутнасьці рэакцыі уладаў Беларусі на спробу расейскай анэксіі Крыма. Прапануем пераклад асобных разьдзелаў гэтага артыкула.

«Звычайна гаваркі прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка да гэтага часу не зрабіў ніводнай публічнай заявы па Крыме. Учора ён адмыслова прыяжджаў у Маскву, каб асабіста паслухаць тлумачэньні Пуціна, што тое, што адбываецца ва Ўкраіне — гэта «дзяржаўны пераварот», і што ў Крыме робяць расейскія войскі, і ўсё роўна зноў нічога не сказаў з нагоды расейскай інтэрвэнцыі. Хаця Лукашэнка вельмі любіць паразважаць на геапалітычныя тэмы. А тут маўчыць на зьдзіўленьне доўга — мабыць, баіцца за сваю ўласную будучыню, і ў яго для гэтага ёсьць усе падставы.

Беларускія ўлады ўвогуле амаль не камэнтавалі ўкраінскія падзеі. Хіба што Лукашэнка адзін раз паківаў галавой усьлед Януковічу, калі той уцякаў: маўляў, вось што адбываецца з краінай, калі дзеці прэзыдэнта займаюцца бізнэсам. Кіраўнік беларускага МУС Ігар Шуневіч прызнаў, што беларускія міліцыянты «занепакоеныя сытуацыяй ва Ўкраіне і вельмі блізка прынялі яе да сэрца». Пры гэтым рэвалюцыю ў суседзяў ён назваў «трагічнымі падзеямі». І на ўсялякі выпадак запэўніў: паўтарэньне падобнага сцэнару ў Беларусі папросту немагчымае",— піша расейскае выданьне.

У маўчаньні Лукашэнкі інтэрнэт-выданьне бачыць як мінімум тры прычыны:

«Па-першае, ня варта думаць, быццам беларускі прэзыдэнт, маючы дзьве праблемы — з выбарамі ў 2015 годзе і з напаўняльнасьцю бюджэту, — не скарыстаецца з сытуацыі. У яго ёсьць досьвед 2008 году. Лукашэнка тады не змаглі даціснуць ў Крамлі, і незалежнасьць Абхазіі з Паўднёвай Асэтыяй ён так і не прызнаў. А потым публічна распавядаў: зь Мядзьведзевым з гэтай нагоды вяліся таргі, Беларусь павінна была абараніць сваю эканоміку на выпадак магчымай рэакцыі Захаду. Маўляў, Масква грошай не дала, таму Менск яе ў гэтым пытаньні так і не падтрымаў.

Замест гэтага Лукашэнка нават выпусьціў значнага на той момант палітвязьня Аляксандра Казуліна і літаральна адразу ж атрымаў крэдыт ад МВФ на $ 3,5 млрд. Нядрэнная цана непакорлівасьці. Паколькі грошы Лукашэнку патрэбныя заўсёды, а цяпер асабліва, дык і бясплатна падтрымліваць нават на словах інтэрвэнцыю на Ўкраіну ён ня будзе. Вось, дарэчы, бяспошлінныя пастаўкі расейскай нафты Лукашэнка ўжо запатрабаваў.

Па-другое, для Беларусі Ўкраіна — важны гандлёвы партнэр, прычым Менск гандлюе з Кіевам зь вельмі важкім для яго прафіцытам ($ 2140000000 па выніках мінулага году). У 2013 годзе таваразварот паміж суседзямі перавысіў $ 6 млрд. Гэта значыць, для Беларусі гэты сусед — важная крыніца паступленьня валютных сродкаў, якіх адвечна не хапае. І беларускі экспарт на Ўкраіну перавышае імпарт адтуль у два разы. Хто ведае, ці не перакрыюць «бандэраўцы» мяжу ў выпадку, калі Лукашэнка пачне зараз ірваць кашулю ў падтрымку РФ?

Нарэшце, па-трэцяе, у Лукашэнкі хапае падстаў баяцца, што, захапіўшы паў-Украіны і не атрымаўшы за гэта ніякага рэальнага пакараньня, Пуцін празь некалькі гадоў увядзе войскі і ў саму Беларусь. Прычым, у адрозьненьне ад украінцаў, беларусы будуць сустракаць расейскія танкі з кветкамі: такога высокага ўзроўню нацыянальнай самасьвядомасьці ў беларусаў, як у іх паўднёвых суседзяў, няма і блізка. Хто тады абароніць самога Лукашэнку? Ён жа таксама разумее, што Крамлю ўжо добра надакучыў, а на Захадзе за яго заступацца ніхто ня стане«.


Расейскае выданьне робіць выснову:

«Беларускі прэзыдэнт вельмі хутка ўсьвядоміў, што яго найбліжэйшы саюзьнік можа ў любы момант напляваць на ўсе дамовы аб сяброўстве і папросту анэксаваць Беларусь. Пад аплядысмэнты мясцовага насельніцтва. Лукашэнка сам максымальна палегчыў Крамлю гэтую задачу, таму што, у адрозьненьне ад Украіны, у Беларусі ўсе дваццаць зь лішнім гадоў незалежнасьці нацыяналізм не ўзгадоўвалі, а зьнішчалі. Лукашэнка зрабіў нацыяналістаў сваімі ворагамі, а таму падтрымліваць яго ў цяжкія гадзіны ня будуць ні яны, ні тыя, хто ведае, што ў Расеі і заробкі ў бюджэтнікаў вышэй, і на бізнэс ня так ціснуць».

Выданьне прапануе Расеі даць Лукашэнку за падтрымку ваеннай апэрацыі ў Крыме ня менш чым у $ 3 млрд — столькі Беларусь атрымала ад МВФ падчас канфлікту ў Грузіі:

«А калі Пуцін гэтых грошай ня дасьць — чакайце Яцанюка або Турчынава, якія ганяць Крэмль, у гасьцях у беларускага ТБ. Саакашвілі там ужо быў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG