Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнт ЗША: мінулі дні, калі можна адвольна перасоўваць межы


У 2014 годзе ўжо даўно мінулі тыя дні, калі можна было перасоўваць межы за сьпінамі дэмакратычных лідэраў, заявіў сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Прапанаваны ў Крыме рэфэрэндум быў бы парушэньнем Канстытуцыі Ўкраіны і міжнароднага права, адзначыў ён у спэцыяльным кароткім выступе аб становішчы ва Ўкраіне .

Любыя дыскусіі пра будучыню Ўкраіны магчымыя толькі з удзелам законнага ўраду Ўкраіны, сказаў ён.

Акрамя таго, прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў неабходнасьць допуску міжнародных назіральнікаў ва Ўкраіну, у тым ліку ў Крым, а таксама заклікаў Кіеў і Маскву пачаць перамовы.

«Каб урэгуляваць гэты крызіс, існуе спосаб, які б адпавядаў інтарэсам РФ і ўкраінскага народу: упусьціць міжнародных назіральнікаў на ўсю тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку ў Крым, каб забясьпечыць выкананьне правоў усіх украінцаў, у тым ліку этнічных рускіх, а таксама пачаць кансультацыі паміж кіраўніцтвам Расеі і Ўкраіны з удзелам міжнароднай супольнасьці», — сказаў Абама.

Абама нагадаў, што сёньня раніцай падпісаў указ, якім дазваляе ўвесьці санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асоб, адказных за парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны або за крадзеж маёмасьці ўкраінскага народу.

Акрамя таго, дадаў Абама, па яго ўказаньні Дзяржаўны дэпартамэнт таксама ўвёў візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да пэўных асоб і чыноўнікаў.

«Гэтыя рашэньні працягваюць нашы намаганьні, скіраваныя на тое, каб Расея і іншыя адказныя за становішча ў Крыме заплацілі за гэта», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША .

Калі парушэньне міжнароднага права будзе працягвацца, рашучасьць ЗША і іх саюзьнікаў ды міжнароднай супольнасьці будзе жорсткай, заявіў ён.
XS
SM
MD
LG