Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча лічыць, што Брусэль зрабіў больш, чым можа было спадзявацца


Так пракамэнтаваў вынікі сёньняшняга надзвычайнага пасяджэньня Рады Эўрапейскагa Зьвязу ў справе Ўкраіны польскі прэм’ер Дональд Туск.

«Ня ўсе будуць задаволеныя гэтымі рашэньнямі, але мы атрымалі нашмат больш, чым можна было спадзявацца некалькі гадзінаў таму», — перадае агенцтва PAP словы Туска, які таксама браў удзел у сустрэчы.

Туск нагадаў, што Рада Эўразьвязу пагадзілася на тое, каб падпісаць палітычную частку дамовы аб асацыяцыі з Украінай яшчэ да заплянаваных на канец траўня прэзыдэнцкіх выбараў. Кіраўнік ураду Польшчы адзначыў, што дыскусія на сёньняшнім пасяджэньні была вельмі бурнай і пасьля выступу кіраўніка ўкраінскага ўраду Арсенія Яцанюка ўсё больш эўрапейскіх палітыкаў пачалі схіляцца да гэтага сцэнару.

Акрамя падпісаньня дамовы з Украінай, Брусэль таксама вырашыў прыпыніць перамовы з Расеяй пра аблягчэньне візавага рэжыму і новую дамову пра супрацоўніцтва. Як адзначыў прэзыдэнт Рады Эўразьвязу Герман ван Ромпэй, у выпадку эскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне ў дачыненьнях паміж ЭЗ і Расеяй будуць і больш далёкасяжныя наступствы, што можа ўключаць шырокі эканамічны спэктар.

Паказальна стрыманай, што да эканамічных санкцый, заявіла сваю пазыцыю, напрыклад, Чэхія. Чэскі прэм’ер Багуслаў Саботка, ад’яжджаючы ў Брусэль, выказаўся так: «Мы не гатовыя падтрымліваць поўнамаштабнае ўвядзеньне санкцый супраць Расеі ў эканамічнай галіне. Мяркуем, што цяпер трэба знайсьці магчымасьць палітычных і дыпляматычных санкцый, бо ўзаемны гандаль паміж Эўропай і Расеяй настолькі значны, што ўвядзеньнем эканамічных санкцый супраць Расеі Эўропа б пакарала найперш сама сябе.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG