Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Горадні распачалі збор подпісаў супраць усталяваньня на прыпынках і ў іншых людных месцах спэцыялізаваных шапікаў «Табак», бо лічаць, што гэта спрашчае доступ да тытуню і прапаганде шкодную звычку.

Ініцыятарам збору подпісаў у інтэрнэце выступіла гарадзенка Юля Каляда. Яна кажа, што са зьяўленьнем у горадзе яркіх кідкіх шапікаў з надпісам «Табак» убачыла ў інтэрнэце шмат абураных камэнтароў. Чакала, што нехта праявіць ініцыятыву, каб сабраць подпісы гарадзенцаў і накіраваць іх старшыні гарадзенскага гарвыканкаму, абласному Савету дэпутатаў і ўпраўленьню аховы здароўя аблвыканкаму.

Але давялося гэта зрабіць самой. За адзін дзень падпісалася больш як тысяча чалавек. Юля кажа, што яны дамагаюцца не забароны курэньня, а таго, каб не было рэклямы курэньня ў горадзе:

Юля Каляда

Юля Каляда

«Мы просім зрабіць шапікі больш незаўважнымі для гараджан, і ў прыватнасьці для маладых людзей, для школьнікаў, для тых, хто стала курыць. Мы просім прыбраць іх з прыпынкаў, просім зрабіць іх меншымі і не такімі заўважнымі, бо яны каляровыя, кідкія. І мы просім прыбраць зь іх канкрэтны надпіс: „Табак“, бо мы расцэньваем гэта як рэкляму тытунёвых вырабаў».

Акрамя самога факту, што горад усеялі шапікамі, людзей вельмі чапляе тое, што ўлады, робячы гэта, ня раяцца з жыхарамі.

На вуліцы Горкага побач з крамаю «Нарач» я размаўляю з настаўнікам, спадаром Ігарам. Ён паказвае: у радыюсе мэтраў 70 тут аж чатыры новыя шапікі з надпісам «Табак».

Спадар: «Гэта яўная рэклямная акцыя тавару, які згодна з законам не павінен рэклямавацца. Мне не зразумела стаўленьне гарадзкіх уладаў, якія гэта дазваляюць і гэтым самым парушаюць заканадаўства».

Карэспандэнт: «Што да мясцовых уладаў — ці павінны яны былі спытацца думкі гараджан на гэты конт?»

Спадар: «Думкі гараджан у нас у ніводнай справе не пытаюцца. Але што думаюць гараджане наконт шапікаў, ужо добра вядома: людзі масава тэлефануюць і пішуць у выканкам, бо што гэта робіцца ў нашым горадзе?..»

У лекара, спадарыні Ірыны, з акна працоўнага кабінэта таксама відаць яркі шапік «Табак». Яна кажа катэгарычна, што няма нават прадмету для дыскусіі, бо тут яўная рэкляма і прапаганда тытунёвых вырабаў:

«Гэта робіць цыгарэты даступнымі для ўсіх, і асабліва для моладзі. Ва ўсім сьвеце з гэтым змагаюцца, а ў нас наадварот...»

А вось думкі гарадзенцаў наконт новых шапікаў «Табак»:
Ва ўсім сьвеце з гэтым змагаюцца, а ў нас наадварот

Спадарыня: «Вельмі дрэнна да гэтага стаўлюся, і на сайце паставіла свой подпіс. Гэта самая што ні на ёсьць прапаганда тытуню. Раней змагаліся зь піўнымі шапікамі, цяпер ужо тытунём заваляць. Ва ўсіх камэнтарах на сайтах людзі пра гэта пішуць».

Спадар: «Заманьваюць таннымі цыгарэтамі: курыць, курыць, курыць. Няхай таннае кураць...»

Ягоная жонка: «Ну вунь на кожным рагу стаіць: курыце. Вядома, яны павінны былі спытацца, што мы пра гэта думаем, але ніхто ў нас не пытаецца. Але так заўсёды было — хто ў нас калі і што пытаўся?..»

Студэнт: «Назва гэтага шапіка толькі чаго вартая — „Табак“. Каб яшчэ ня гэта, то хоць бы ня так у вочы кідалася. А тут яшчэ і буйнымі літарамі...»

Ягоны сябра: «Ну вось для падлеткаў гэта прыманка — дарэмна так зрабілі. Думаю, што дастаткова было, калі цыгарэты прадаюць у звычайных шапіках. І не абавязкова было так ярка і кідка афішаваць».

Cпэцыялізаваныя тытунёвыя шапікі ў Горадні ўсталёўвае тытунёвая фабрыка «Нёман», іх колькасьць павінна вырасьці да ста, а ў вобласьці — да 200. У пэрспэктыве плянуецца, што гандляваць цыгарэтамі ў розьніцу яна будзе па ўсёй краіне, а пакуль, паводле афіцыйнай інфармацыі, пачалі экспэрымэнт у Гарадзенскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG