Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія ўкраінцы і расейцы засмучаныя вайной за Крым


Крымскі канфлікт Свабода папрасіла пракамэнтаваць прадстаўнікоў украінскай і расейскай дыяспараў у Беларусі.

«Мы глядзім на падзеі са смуткам і жалем. Расейская дыяспара ў Беларусі прасякнутая мэнтальнасьцю спакою і разважлівасьці. Мы за тое, каб вырашаць усе пытаньні дамовамі», — заявіў Радыё Свабода Іван Корда, старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Русь».

«Але мы глядзім тэлеканалы... Складаецца ўражаньне, што супрацьстаяньне пачалі радыкальныя элемэнты, якія прыйшлі з заходніх рэгіёнаў Украіны. Усё пачалося з Майдану і гвалтоўных дзеяньняў на ім. Цяпер гэтыя падзеі перакідваюцца на іншыя рэгіёны Ўкраіны. А дзеяньні расейскай дыяспары ва Ўкраіне — гэта дакладная рэакцыя на гвалт. Прычына — цкаваньне паводле моўнага фактару. Было вельмі неразумна, калі Вярхоўная Рада скасавала закон пра мовы», — перакананы Корда.

Адказваючы на пытаньне, чаму афіцыйны Менск не падтрымаў ніводзін з бакоў канфлікту, старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Русь» заявіў:

«Кіраўніцтва Беларусі не аддзяляе сябе ад беларускага народу, у мэнтальнасьці якога вытрымка. Кіраўніцтва Беларусі публічна не падтрымлівае Расею, каб не распальваць жарсьці».

Віктар Гутоўскі, кіраўнік Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Варта» заявіў Свабодзе, што прадстаўнікі дыяспары занепакоеныя супрацьстаяньнем у Крыме:

«Мы супраць сілавых рашэньняў гэтых праблемаў. Непарушнасьць межаў Украіны была гарантаваная эўрапейскімі дзяржавамі, ЗША і Расеяй, калі Ўкраіна перадавала ядзерную зброю. І мы хочам, каб гэтыя пагадненьні і гарантыі былі выкананыя эўрапейскімі краінамі, Амэрыкай і Расеяй».

«Мы супраць расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны. А Крым сёньня — гэта тэрыторыя сувэрэннай Украіны», — адзначае кіраўнік «Варты».

«Беларусь не падтрымлівае Расею ў справе акупацыі Ўкраіны, так, як некалі не падтрымала РФ у справе акупацыі Грузіі. Але беларускае кіраўніцтва маўчыць, бо яно ўваходзіць у саюз з Расеяй. І таму ня хочуць псаваць стасункі з Расеяй», — лічыць Віктар Гутоўскі.
XS
SM
MD
LG