Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Ўкраіна прысуджана на паразу ў вайне з Расеяй?


Украінскі танк падчас прэзэнтацыі на заводзе ў Харкаве ў чэрвені 2013 году

Украінскі танк падчас прэзэнтацыі на заводзе ў Харкаве ў чэрвені 2013 году

Расея мае прыблізна ў чатыры разы больш салдатаў, чым Украіна; у два разы больш танкаў; у шэсьць разоў больш баявых самалётаў.

Гэты велізарны дысбалянс у сілах мае сваё адлюстраваньне і ў абаронных бюджэтах абедзьвюх краінаў. Расея штогод выдаткоўвае каля 78 мільярдаў даляраў на свае ўзброеныя сілы, а Ўкраіна — 1,6 мільярда даляраў.

Тым ня менш, Расея можа разгарнуць супраць Украіны толькі частку сваіх сілаў. Масква ня можа дазволіць сабе на перамяшчэньне войскаў, якія знаходзяцца ў рэгіёне Паўночнага Каўказу, на мяжы з Кітаем або каля Ціхага акіяну.

Марк Галеоці, экспэрт Цэнтру па глябальных пытаньнях Нью-Ёркскага унівэрсытэту, лічыць, што Расея дзеля поўнамаштабнай вайны магла б сабраць сілы толькі ў два разы большыя за ўкраінскія. У такім выпадку розьніца ў сіле не была б настолькі вялікай, каб аўтаматычна гарантаваць перамогу Маскве.



А як наконт апэратыўных магчымасьцяў абодвух бакоў?

Пасьля грузінскай вайны 2008 году Масква павялічыла свае вайсковыя выдаткі на 30%. Кіеў жа наогул выдаткоўваў на армію менш грошай, чым прадбачваў бюджэт. Да таго ж, найбольш элітныя ўкраінскія падразьдзяленьні бяруць удзел у міжнародных міратворчых апэрацыях разам з НАТО, а астатнія ня маюць ня толькі дастатковага фінансаваньня, але і дастатковага ўзбраеньня.

Крыстафэр Лэнгтан, экспэрт брытанскага Незалежнага інстытуту дасьледаваньня і аналізу канфліктаў, кажа, што Ўкраіна паспрабавала рэфармаваць і мадэрнізаваць свае ўзброеныя сілы, але гэтыя зьмены ніколі не былі даведзеныя да канца. У прыватнасьці, факт, што 60% дзейных сілаў Украіны папаўняецца з прызыву, аслабляе і баяздольнасьць арміі наогул, і яе здольнасьць разгортваньня на выпадак вайны.

Таксама нельга пакідаць па-за ўвагай і пытаньне ляяльнасьці афіцэраў і прызыўнікоў з усходніх, расейскамоўных рэгіёнаў краіны да прысягі на вернасьць Украіне ў выпадку збройнага канфлікту з Расеяй. Да таго шмат хто са старэйшых вайсковых камандзіраў ва Ўкраіны служыў большую частку сваёй кар’еры ў шэрагах Савецкай Арміі са сваімі расейскімі калегамі. Магчымасьць дэзэртырства на карысьць Расеі зьявілася на парадку дня, калі новапрызначаны камандзір ваенна-марскога флёту Ўкраіны прысягнуў на вернасьць Крымскай аўтаноміі 2 сакавіка.

Як маглі б разгортвацца баявыя дзеяньні ва Ўкраіне?

Паводле экспэртаў, адказ на гэтае пытаньне залежыць ад стратэгіі Масквы ў канфлікце з Кіевам.

Лэнгтан кажа, што ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, падобнае да ўварваньня войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе, амаль напэўна давяло б да поўнамаштабнай вайны паміж дзьвюма дзяржавамі, і гэтая вайна магла б аказацца занадта дарагой для Крамля:

«Хоць на паперы гэтыя дзьве сілы незбалянсаваныя з гледзішча баявых магчымасьцяў, калі справа дойдзе да поўнамаштабнай расейскай ваеннай апэрацыі ва Украіне, украінцы напэўна будуць змагацца на сваёй тэрыторыі. Дайшло б, верагодна, да даволі крывавага змаганьня, якое наўрад ці было б прымальным для расейцаў, і яно суправаджалася б, магчыма, вайной партызанскага тыпу, якую абаронцы, безумоўна, вялі б на сваёй тэрыторыі».

Кошты такога магчымага разьвіцьця сытуацыі могуць схіліць Маскву да працягваньня цяперашняй тактыкі, у якой расейцы бяруць кантроль над украінскай тэрыторыяй пад выглядам умяшаньня ў нібыта мясцовы, унутрыўкраінскі канфлікт. Гэткая тактыка, скарыстаная на Крыме, засьпела Кіеў зьнянацку.

У любым выпадку Ўкраіна ў дадзены момант, на думку экспэртаў, не зьяўляецца добра падрыхтаванай да таго, каб справіцца з нападам Расеі. Яе вайсковая інфраструктура, як і ў савецкі час, застаецца прыстасаванай да вядзеньня наземнай вайны хутчэй супраць захопніка з захаду, чым з усходу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG