Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы прыніжаюць гонар і годнасьць украінскіх воінаў, а таксама ганьбяць сваю краіну і свой сьцяг.

У гэтым перакананы беларус зь Севастопаля, пазаштатны аўтар Свабоды Валер Барташ, які даслаў нам свой тэкст.

Сёньня, 4 сакавіка 2014 году, я прыйшоў да брамы штабу Ваенна-Марскіх Сіл Украіны па вул. Салаўёва ў гор. Севастопалі. Там стаялі ў ачапленьні расейскія салдаты з закрытымі тварамі — у балаклавах, са зброяй, без апазнавальных знакаў, і людзі падтрымкі. Я прадставіўся, назваў прозьвішча, імя і імя па бацьку, свой статус — удзельнік баявых дзеяньняў пры ўварваньні ў Чэхаславакію ў 1968 годзе. Я сказаў, што так не павінна быць, не належыць прад’яўляць патрабаваньні аб здачы зброі ваеннаслужачым, якія далі прысягу дзяржаве Ўкраіна. Мае апанэнты адмовіліся назваць свае прозьвішчы. Я выказаў свой пратэст там і ў арганізацыі «Ліга афіцэраў Севастопаля» баявому афіцэру-афганцу, палкоўніку Лукічову Ўладзіміру Леанідавічу, які пагадзіўся са мной. А затым я прыйшоў у арганізацыю воінаў — удзельнікаў баявых дзеяньняў, да якой належу, і напісаў заяву наступнага зьместу:

«Старшыні Севастопальскай арганізацыі Саюзу вэтэранаў Афганістана (воінаў-інтэрнацыяналістаў ) Пярмінаву Аляксандру Паўлавічу

ўдзельніка баявых дзеяньняў — уварваньня ў Чэхаславакію ў 1968 годзе Барташа Валерыя Міхайлавіча.

У сувязі з больш чым ненармальнай сытуацыяй, якая ўзьнікла ў Севастопалі ў лютым-сакавіку 2014 году, а менавіта сілавым і псыхалягічным узьдзеяньнем у дачыненьні да воінскіх часьцей Ваенна-Марскіх Сіл Украіны з боку Ўзброеных Сіл Расійскай Фэдэрацыі з патрабаваньнямі скласьці зброю і здрадзіць прысязе Ўкраіне,

ЗАЯЎЛЯЮ

пра недапушчальнасьць звароту да прадстаўнікоў ВМСУ Украіны з падобнымі патрабаваньнямі, якія зьневажаюць гонар і годнасьць салдата-воіна. Прашу Вас ад імя Севастопальскай арганізацыі воінаў — вэтэранаў Афганістана (воінаў-інтэрнацыяналістаў) прыняць усе меры да спыненьня супрацьстаяньня, якое зьневажае гонар і годнасьць воінаў братняй дзяржавы Ўкраіны.

Подпіс: Барташ У.М.»


У вуснай форме я дадаў, што я беларус, праўнук салдата Расейскай імпэратарскай арміі, які вызваляў Балгарыю ў расейска-турэцкай вайне 1877–1878 гг., унук салдата Расейскай імпэратарскай арміі, які загінуў у 1914 годзе за веру, цара і айчыну, сын удзельніка вайны — афіцэра-вэтэрана Чарнаморскага Флёту 1941–1945 гг., які змагаўся зь першага дня 24 чэрвеня 1941 году, удзельніка жорсткіх бітваў пад Новарасійскам, пляменьнік афіцэра Чырвонай Арміі, удзельніка баёў пад Магілёвам, затым падпольшчыка, а затым зноў афіцэра Чырвонай Арміі, які злажыў галаву ў Літве і пахаваны на воінскіх могілках. Свайго апанэнта на вул. Салаўёва я папрасіў назваць сваё прозьвішча, але ён адмовіўся. Я заяўляю як севастопалец, што сваімі дзеяньнямі ў дачыненьні да братоў-украінцаў сёньня Чарнаморскі Флёт запляміў сьвяты Андрэеўскі сьцяг, сьвяты для мяне сьцяг Савецкага Ваенна-Марскога Флёту СССР — белы зь сіняй паласой і з чырвонай зоркай ды сярпом і молатам. З двух гадоў я пражываю ў Севастопалі, я салдат Савецкай Арміі і застаюся ім назаўжды. Я прашу прабачэньня ў сваіх расейскіх сяброў, а іншых у мяне няма, за эмацыйную сустрэчу зь ненарматыўнай лексыкай сёньня.
XS
SM
MD
LG