Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы затапілі карабель, перашкаджаючы выхаду ў мора ВМС Украіны.

Расейскія вайскоўцы мінулай ноччу затапілі раней сьпісаны вялікі супрацьлодкавы карабель «Ачакаў» ля ўваходу ў возера Данузлаў, заступіўшы такім чынам выхад у мора караблям Паўднёвай ваенна-марской базы Ваенна-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.

Аб гэтым паведамляе УНІАН са спасылкай на крыніцу ў Севастопалі.

Учора пасьля 23.00 у гарнізоне «Данузлаў» блёкпасты пачалі пакідаць вайскоўцы без знакаў адрозьненьня.

Прыкладна ў 23.30 зьняліся з якараў і сышлі ў невядомым накірунку караблі расейскага Чарнаморскага флёту ( сярод іх ракетны крэйсер «Масква»), якія сваёй прысутнасьцю некалькі дзён блякавалі выхад з возера украінскім караблям.

Пасьля гэтага расейскія вайскоўцы зацягнулі на буксіры і паставілі паміж Паўночнай і Паўднёвай косамі на ўваходзе ў Данузлаў карабель «Ачакаў» . «Прывязаўшы» яго да адной з раней выстаўленых двух бочак ( гідратэхнічнае збудаваньне для «прывязваньня» да іх караблёў і судоў), яны з пачалі напаўняць «Ачакаў» вадой для страты ўстойлівасьці. Затым прагучаў выбух, і карабель лёг на борт. Перад пачаткам гэтай апэрацыі пражэктарамі расійскіх караблёў быў «асьлеплены» назіральны пост ВМС Украіны.

Як дадаў суразмоўца агенцтва, глыбіня ў месцы затапленьня складае 9 — 11 мэтраў, верхняя частка карабля бачная.

Пры цяперашніх абставінах выхад і ўваход у возера Данузлаў абсалютна выключаны, а каб падняць «Ачакаў», спатрэбіцца нямала часу і вялікія фінансавыя выдаткі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG