Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны самазваны прарасейскі «губэрнатар» Данецка


Сёньня ноччу ў Данецку арыштавалі самаабвешчанага прарасейскага «губэрнатара» Паўла Губарава.

Пра гэта паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах.

Губараву інкрымінуюць учыненьне злачынстваў паводле ч.2 арт.110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны), ч.1 арт.109 (дзеяньні, накіраваныя на гвалтоўную зьмену або зьвяржэньне канстытуцыйнага ладу, або захоп дзяржаўнай улады) і арт. 341 (захоп дзяржаўных або грамадзкіх будынкаў), паведамляе Інтэрфакс.

На гэтым тыдні Служба Бясьпекі Ўкраіны адкрыла вытворчасць у дачыненьні да лідэра данецкіх сэпаратыстаў.

Паводле неафіцыйных зьвестках, праваахоўнікі ўзялі кантроль над захопленым у сераду будынкам абласной адміністрацыі, над ёй зноў лунае нацыянальны сьцяг Украіны. Ад расейскіх трыкалёраў ачысьцілі і галоўную плошчу Данецка.

Ноччу прарасейскія радыкалы паспрабавалі захапіць памяшканьне рэгіянальнага тэлеканала «Данбас». Спроба не была пасьпяховай, з-за ўварваньня эфір прыйшлося перапыніць, але тэлеканал не перайшоў пад кантроль нападнікаў.

Частка сэпаратыстаў таксама спрабавала захапіць казначэйства Данецкай вобласьці.

Гэтым падзеям папярэднічалі беспарадкі пасьля завяршэньня ў Данецку мітынгаў, удзельнікі аднаго зь якіх выступалі за адзінства Ўкраіны, іншыя — за далучэньне Данбаса да Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG