Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры краін Эўразьвязу абмяркуюць санкцыі супраць Расеі


Лідэры дзяржаў Эўрапейскага зьвязу зьбяруцца сёньня ў Брусэлі на экстраны саміт па Украіне.

Учора міністар замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс заявіў, што Эўразьвяз дае Расеі адны суткі на дээскаляцыю сытуацыі ў Крыме, іначай будуць уведзеныя санкцыі.

Як зазначаюць эўрапейскія экспэрты, сёньняшні саміт — рэальная магчымасьць для Эўразьвязу прадэманстраваць адзінства дзеяньняў ва Ўкраіне. Лідэры ЭЗ лічаць вельмі важным, каб для Расеі сталі яснымі выдаткі, якія цягне ваеннае ўмяшальніцтва ў іншую краіну, а таксама тое, што гэтыя выдаткі будуць павялічвацца, калі сытуацыя пагоршыцца яшчэ больш, напрыклад, калі Расея пачне дзеяньні ва Ўсходняй Украіне.

Напярэдадні экспэрты Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах пракамэнтавалі канфлікт і выказаліся, якія дзеяньні з боку ЭЗ былі б самымі мэтазгоднымі для яго ліквідацыі.

Эндру Ўілсан: «Сытуацыя ва Ўкраіне цяпер цалкам адрозьніваецца ад расейскай вайны ў Грузіі 2008 году. Тады, на думку большасьці, грузіны былі справакаваныя стральбой з боку расейцаў. Ва ўмовах цяперашняга крызысу толькі адзін грамадзянін Расеі памёр, і ён быў застрэлены снайпэрамі ў Кіеве. Расея гуляе ў азартную гульню са спадзевам, што Эўропа ня будзе аспрэчваць яе крок у кароткатэрміновай пэрспэктыве, і што азартная гульня акупіцца».
Кадры Лік: «Ключавой задачай для Захаду зьяўляецца стрымліваньне любых магчымых дзеяньняў Расеі ва Ўсходняй Украіне. Расея не адчувае пагрозы, таму што ня верыць, што будуць нейкія непасрэдныя, матэрыяльныя наступствы. Калі ЭЗ і ЗША не дэманструюць рэальнасьць выдаткаў расейскага ўварваньня ў Крыме, Украіна застанецца пад пагрозай далейшай дэстабілізацыі і яе тэрытарыяльная цэласнасьць апынецца пад пагрозай».

Штэфан Майстер: «ЭЗ павінен інтэрнацыяналізаваць канфлікт вакол Крыма, гэта азначае наяўнасьць міжнародных назіральнікаў на месцы з непрадузятым стаўленьнем да сытуацыі, якія маглі б спыніць далейшае павелічэньне расейскіх войскаў. Гэта дапамагло б ўкраінскаму ўраду адчуваць сябе менш адзінокім, і зрабіла б менш верагоднай магчымасьць расейскай правакацыі. Брусэль павінен паказаць Маскве, што санкцыі падрыхтаваныя і чакаюць на стале таго моманту, калі канфлікт абвострыцца. ЭЗ таксама павінен стабілізаваць украінскую ўладу праз прамую фінансавую дапамогу і дапамогу ў падрыхтоўцы датэрміновых выбараў».
XS
SM
MD
LG