Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times пра Ўкраіну: Найсур'ёзьнейшы крызіс з часоў халоднай вайны


Джон Кэры і Сяргей Лаўроў

Джон Кэры і Сяргей Лаўроў

«Намаганьні Злучаных Штатаў быць пасярэднікам у дыпляматычнай сустрэчы паміж Расеяй і Ўкраінай з нагоды крызісу ў Крыме ня спраўдзіліся», — піша The New York Times

«Намаганьні Злучаных Штатаў быць пасярэднікам у дыпляматычнай сустрэчы паміж Расеяй і Ўкраінай з нагоды крызісу ў Крыме ня спраўдзіліся», — піша The New York Times пра сустрэчу дзяржаўнага сакратара ЗША Джона Кэры і міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ў Парыжы.

Сустрэча, якая магла б дапамагчы ў разьвязаньні крызісу, паміж кіраўніком МЗС Расеі і выканаўцам абавязкаў міністра замежных справаў Украіны Андрэем Дзешчыцам у Парыжы не адбылася, хаця дыпляматы знаходзіліся ў адным будынку. Калі журналісты спыталі, у чым прычына, Лаўроў адказаў: «А хто гэта?».

«Гэтая заява адлюстроўвае напружанасьць вакол адмовы Расеі прызнаць часовы ўрад у Кіеве, які замяніў прэзыдэнта Віктара Януковіча, які зьбег у мінулым месяцы, але ўспрымаецца Расеяй як законны лідэр Украіны», — піша The New York Times

Выданьне адзначае асобныя пазытыўныя заявы Кэры пасьля сустрэчы ў Парыжы і піша, што яшчэ «засталіся шанцы на вырашэньне аднаго з самых сур’ёзных крызісаў у адносінах паміж Усходам і Захадам з часоў халоднай вайны».

Разам з тым, як піша The New York Times, Расея не дэманструе намеру вывесьці свае войскі з Крыму:

«Расейскія войскі там, ва ўніформе бяз знакаў адрозьненьня, па-ранейшаму блякуюць буйныя ўкраінскія ваенныя аб’екты. Большасьць украінцаў не паддаюцца заклікам здаць зброю і пакінуць свае базы, дзе яны эфэктыўна зьняволеныя».

Выданьне таксама адзначае, што крэдыты цяпер маюць вырашальнае значэньне, таму што Украіна знаходзіцца ў цяжкім эканамічным стане, бо абяцаны расейскі крэдыт у $15 млрд у стане нявызначанасьці з моманту зрынаньня Януковіча і з рашэньнем Расеі адмяніць вялікую зьніжку на даставы газу ва Ўкраіну зь 1 красавіка. Паводле новага кіраўніцтва, Украіне патрэбныя 35 мільярдаў даляраў пазыкаў, каб пазьбегнуць дэфолту.

Як піша выданьне, Захад імкнецца дапамагчы Ўкраіне фінансава:

«Амэрыканскія і эўрапейскія прапановы таксама павінны стаць адказам на палітычную крытыку ў Вашынгтоне і некаторых эўрапейскіх краінах, маўляў, Захад ня робіць дастаткова, каб падтрымліваць Украіну на фоне расейскіх пагрозаў».

The New York Times адзначае, што Эўрапейскі зьвяз абвясьціў аб замарожваньні фінансавых актываў у Эўропе 18 асобаў, якія нясуць адказнасьць за нямэтавае выкарыстаньне дзяржаўных сродкаў ва Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG