Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы – то сыходзяць, то вяртаюцца


Расейскі салдат у Крыме

Расейскі салдат у Крыме

Расейскія вайскоўцы на час зьнялі блякаду ўкраінскіх вайсковых частак у Крыме, але пасьля вярнуліся на ранейшыя пазыцыі.

Раней «Украінская праўда» паведамляла, што грузавікі з расейцамі, якія блякавалі вайсковую частку ўкраінскай берагавой аховы ў Перавальным, зьехалі.

Акрамя таго, у Феадосіі расейская тэхніка і салдаты спынілі блякаваньне ўкраінскай часткі марской пяхоты і адышлі ў бок часткі ЧФ РФ.

Такая ж сытуацыя адбылася і ў Бахчысараі.

Кіраўнік Цэнтру вайскова-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Цімчук таксама пацьвярджаў інфармацыю аб зьняцьці блякаваньня ўкраінскіх вайсковых частак расейцамі.

«Аднак на месцы застаюцца «турысты Пуціна». У Феадосіі яны палохаюць украінскіх марпехаў тым, што знойдуць і фізычна зьнішчаць іх сям'і. Ня выключаны штурм», – адзначыў ён.

«Паводле некаторых зьвестак, ад'езд можа быць выкліканы ратацыяй падразьдзяленьняў расейскіх акупантаў (г.зн. на іх месца прыбудзе замена). Інфармацыя адсочваецца», – дадаў Цімчук.

Пазьней стала вядома, што расейскія вайскоўцы адступілі, але празь некаторы час разгарнуліся, каб вярнуцца назад.

Як вядома, сакратар СНБА Андрэй Парубий заявіў, што Расея спрабуе перадысьлякаваць свае войскі ў Крыме, каб місія АБСЭ не зафіксавала іх прысутнасьці.
XS
SM
MD
LG