Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Расеі цяпер важней Крым, чым Беларусь, — Заіка


Леанід Заіка

Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка пракамэнтаваў выказваньні кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі на пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады. Ён адзначыў, што на фоне сытуацыі ва Ўкраіне, санкцый Захаду, актыўна гуляць з Масквой на інтэграцыйным шляху ня варта.

«Трэба вычакаць момант і абыходзіцца нейкімі агульнымі фразамі і ацэнкамі. Я ня думаю, што нейкія вырашальныя рэчы адбудуцца ў красавіку ці траўні. Занадта вялікая нявызначанасьць усёй прасторы. Сёньня для Расеі важней Крым, чым Беларусь».

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, падобная крытыка гучала і раней, хаця, магчыма, не ў такім маштабе:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Гэта сьведчаньне, што не ўдаецца знайсьці агульны падыход і некаторыя моманты гэтай дамовы яўна ня выгадныя для Беларусі. Адсутнасьць мытнай пошліны на нафту і газ — гэта асноўнае патрабаваньне афіцыйнага Менску. А Масква са сваіх меркаваньняў на гэты крок не ідзе, і гэта выклікае нэгатыўныя эмоцыі».

Паводле Фёдарава, з аднаго боку, Масква вельмі зацікаўлена, каб Эўразійскі саюз адбыўся:

«Дзеля гэтага Расея можа пайсьці на саступкі. Зь іншага боку, яе эканамічны стан ня надта добры, пару дзён таму рынкі затрэсла, расейскі рубель паляцеў. Таму ці ёсьць у яе на гэта магчымасьці? Хаця я не выключаю, што дзеля падпісаньня яна можа пайсьці на саступкі. Але калі гэта справа завершыцца, тады яна можа прыгадаць гэтыя рознагалосьсі і супраціўленьне. Тады ўжо будзе значна цяжэй адбівацца».

Ці можа Расея пайсьці на нейкія саступкі на фоне падзеяў ва Ўкраіне?

«Расея фактычна ўзяла пад сваё крыло Крым. А Крым і дагэтуль быў датацыйны рэгіён, а зараз ён будзе яшчэ больш датацыйны. Я ня думаю, што цяпер там будзе наплыў тых жа курортнікаў. Таму Крыму патрэбна будзе даваць вялікія грошы», — сказаў Фёдараў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў 5 сакавіка, што стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу павінна грунтавацца на поўнамаштабным саюзе без выключэньняў, у тым ліку бяз пошлін і колькасных абмежаваньняў. Маўляў, інакш будучы эканамічны саюз «пазбавіцца трывалага падмурку». Ён заявіў, што праца па падрыхтоўцы да падпісаньня ў траўні гэтай дамовы не павінна паўтарыць сумны досьвед узаемадзеяньня ў рамках СНД. Паводле кіраўніка Беларусі, гатоўнасьць праекту па-ранейшаму ацэньваецца экспэртамі на 70-80%. Паводле кіраўніка Беларусі, «збліжэньня па найбольш адчувальных пазыцыях для кожнага з бакоў практычна не адбылося».
XS
SM
MD
LG