Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт Свабоды на плошчы Свабоды ў Тбілісі: «Як вы ставіцеся да апошніх падзеяў ува Ўкраіне?»


Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч вярнуўся з Грузіі, дзе ў Тбілісі высьвятляў меркаваньне жыхароў Грузіі наконт апошніх падзеяў ува Ўкраіне і ў прыватнасьці — уварваньня расейскіх войскаў у Крым.

Я стаю на знакавым месцы ў сталіцы Грузіі — на плошчы Свабоды, дзе ў савецкія часы стаяў помнік Леніну, а цяпер узвышаецца калёна з залатой скульптурай Георгія Пераможцы — сымбаля Грузіі. Мае пытаньні мінакам пра апошнія падзеі ўва Ўкраіне кожны раз вярэдзілі ў іх і памяць пра падзеі 2008 году, калі Грузія страціла Абхазію і Паўднёвую Асэтыю.

«Гэта правакацыя з расейскага боку. Правакацыя нумар два, як было ў Грузіі. Адзін да аднаго. Раздаюць расейскія пашпарты і потым захопліваюць тэрыторыі. Мала ім зямлі, дык яны і сюды лезуць. Калі яны захопяць Крым, то ўсё роўна ня спыняцца, а пойдуць далей. Але, магчыма, гэтага ня будзе, бо сёньня ён даў загад спыніць войскі».

Мая суразмоўца Нуну сказала, што яна паводле прафэсіі журналістка, але і сама гатова выказацца.

«Пуцін нібыта змагаецца за расейскі народ. Не. У яго свае амбіцыі, і з-за гэтых амбіцыяў ён можа праглынуць Крым. Праглыне, калі не паставяць перашкоды Захад, ЗША. Гэта што, гэта па-братэрску?»

Карэспандэнт: «У 2008 годзе ў Грузіі дайшло да сапраўднай вайны, былі бамбёжкі мірнага насельніцтва. Ці такое магчыма цяпер, каб братэрскі расейскі народ бамбіў братэрскі ўкраінскі народ?»

«А хіба гэта братэрства, калі ўрываюцца на чужую тэрыторыю са зброяй? Гэта што, па-братэрску?»


У Георгія жонка жыве і працуе ў Львоўскай вобласьці Ўкраіны. Гэтымі днямі Георгій клапоціцца, каб як вывезьці яе з Украіны ў Грузію: тут, ён лічыць, бясьпечней.

«Гэта пачатак Трэцяй сусьветнай вайны, я гэтак лічу. Калі ён не адумаецца, то пачнецца Трэцяя сусьветная вайна. Навошта ён гэтак робіць, або не пралічыў наступствы? Ня ведаю, але ведаю, што гэта ў іх у крыві — усё псаваць. Вы паглядзіце, што яны зрабілі ў Грузіі: Абхазія, Асэтыя — яны ж сілай захапілі грузінскія землі. У нас толькі 4 мільёны жыхароў, а ў іх войска каля мільёна».

У Грузіі людзі свабодна могуць выказаць журналісту сваю пазыцыю, у тым ліку і тады, калі яна супярэчыць агульнапрынятай. Маладая цяжарная жанчына, якая прызналася, што яна напалову ўкраінка, у гэтым канфлікце збольшага аказалася на баку Расеі.

«З аднаго боку, гэта добра, каб людзі ня біліся, каб была расейская мова ўва Ўкраіне. З другога боку, гэта дрэнна, бо можа быць вайна. Я супроць вайны. Але калі людзі будуць гэтак жа дзейнічаць, то можа дайсьці і да вайны, бо тое, што там рабілі — гэта жах. Я пра тое, як у Кіеве ўсё разбуралі, на Майдане. Гэта дрэнна. А тое, што ў Крым уведзеныя расейскія войскі, каб гэта спыніць, каб яны супакоілі народ, — гэта добра».

Ня быў адназначна на чыімсьці баку ў канфлікце і мой наступны суразмоўца. Ён не зьдзівіўся дзеяньням Расеі, якую лічыць імпэрскай краінай, і параўнаў іх зь дзеяньнямі ЗША ў іншых частках сьвету. Пры гэтым суразмоўца вітаў барацьбу Ўкраіны за свабоду:

«Украіна — вялікая краіна, яна выкараскаецца. Мяркую, кровапраліцьця ня будзе, Крыму дадуць большую аўтаномію, пра якую ён марыць. Дамовяцца. А што да таго, што расейскамоўных у Крыме прыціскалі — ня думаю гэтак».

Жыхар Тбілісі Тамазі дзівіцца, што робяць расейскія войскі ў Крыме.

«Чаму яны заўсёды думаюць, што сваіх трэба паўсюль ратаваць?» — кажа Тамазі і таксама згадвае падзеі 2008 году ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. У тое, што Расея пераможа Ўкраіну ў змаганьні за Крым, мой суразмоўца ня верыць. Тамазі назваў украінскі народ вельмі сьмелым і наўпрост зьвярнуўся да сваіх сяброў ва Ўкраіне:

«Украінскі народ, я жадаю вам перамогі, свабоды, шчасьця і росквіту. Хай жыве Ўкраіна, слава героям Украіны!»

Яшчэ згадваю размову з маладым грузінам, праграмістам паводле прафэсіі Зурабам, якую не ўдалося запісаць на дыктафон. Зураб сказаў, што калі ўва Ўкраіне пачнецца вайна, ён паедзе добраахвотнікам змагацца з расейскімі агрэсарамі. Паводле яго, такіх, як ён, у Грузіі знойдзецца шмат. Зураб згадаў такі факт: падчас вайны ў Абхазіі грузінам дапамагалі добраахвотнікі з Украіны, у якіх быў лёзунг: «Калі ня спынім іх на рацэ Псоў, то давядзецца іх спыняць на Дняпры».
XS
SM
MD
LG