Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі Максіма Вінярскага


Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі затрыманы ля амбасады Расеі ў Менску.

5 сакавіка актывіст Максім Вінярскі стаў насупраць будынка амбасады Расеі ў Беларусі з плякатам «Акупанты, прэч з Украіны!»

У інтэрвію БелаПАН актывіст выказаў сваю пазыцыю што да падзеяў ва Ўкраіне:

«Я лічу, што прыйшоў час называць рэчы сваімі імёнамі. Тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, — фактычна акупацыя. Там замежныя войскі, там спробы захапіць вайсковыя часьці і дыктаваць краіне, як яна павінна жыць. Цяпер украінцы абараняюць сваю незалежнасьць, прычым даволі цікавым спосабам — яны не выкарыстоўваюць сілу, не прымяняюць зброю, але не даюць адхапіць кавалак сваёй краіны.

Яны змагаліся за сваю свабоду на Майдане — я быў там разам зь імі некаторы час, дапамагаў чым мог. Цяпер Майдан злуе дыктатараў, як нішто іншае. Мне давялося быць у Маскве падчас прысуду „балотнікам“, і пасьля, калі нас затрымалі на Цьвярской, бачыў: ад слова „Майдан“, ад слова „Беркут“ расейцаў проста трасе. Ня ўсіх, вядома, а амапаўцаў, судзьдзяў, чыноўнікаў. Глядзеў учарашнюю прэс-канфэрэнцыю Пуціна і адчуваў — для яго гэта таксама жах.

Немагчыма стаяць убаку і нічога з гэтым не рабіць. Мяне зьдзіўляе, што ў нашай краіне знайшлося так мала людзей, якіх кранае тое, што адбываецца ў суседзяў. Тым больш што мы тут не ўбаку — у нас таксама цяпер дыктатура, нашы законы яшчэ горшыя, чым тыя, з-за якіх паляцеў Януковіч, у нас забаронены любы пратэст.

Я патрабую спыніць агрэсію. Мы ня можам сказаць, што нас гэта ня тычыцца. Так званая „саюзная дзяржава“ фактычна робіць усіх беларусаў саўдзельнікамі ў нападзе на Ўкраіну».

Праз хвіліну пасьля пачатку пікетаваньня да Вінярскага падышоў супрацоўнік міліцыі, які ахоўваў пасольства, і паспрабаваў забраць плякат, патрабаваў паказаць дакумэнты. Ён выклікаў амапаўскі нарад, які затрымаў актывіста і адвёз у РУУС Цэнтральнага раёну Менску.
XS
SM
MD
LG