Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: збліжэньня па найбольш адчувальных пазыцыях не адбылося


Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін і Нурсултан Назарбаеў падчас сустрэчы ў рэзыдэнцыі расейскага прэзыдэнта ў Нова-Агарове

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін і Нурсултан Назарбаеў падчас сустрэчы ў рэзыдэнцыі расейскага прэзыдэнта ў Нова-Агарове

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу павінна грунтавацца на поўнамаштабным саюзе без выключэньняў, у тым ліку бяз пошлін і колькасных абмежаваньняў.

«Бяз гэтага будучы эканамічны саюз пазбавіцца трывалага падмурку», — адзначыў Лукашэнка на пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады 5 сакавіка.

Таксама ён заявіў, што праца па падрыхтоўцы да падпісаньня ў траўні гэтай дамовы не павінна паўтарыць сумны досьвед узаемадзеяньня ў рамках СНД:

«Мы ня можам паўтарыць той сумны досьвед, які быў характэрны для нас у рамках СНД. Мы вельмі шмат гаварылі ў СНД, гаварылі-гаварылі, а людзі чакалі ад нас нармальных крокаў па фармаваньні ў межах СНД нармальных адносін, і саюзу не атрымалася».

Паводле Лукашэнкі, у людзей вялікая насьцярожанасьць да новага праекту.

«Таму ў нас няма выйсьця, мы павінны ў заяўленыя тэрміны падрыхтаваць дамову і ў заяўленыя тэрміны падпісаць», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён адзначыў, што неабходна завяршыць працу па стварэньні Мытнага саюзу безь якіх-колечы абмежаваньняў і выключэньняў.

«Фактычна засталіся выключэньні толькі па некаторых, аднак вельмі адчувальных таварах, уключаючы алькаголь, тытунь, лекі, нафту і газ. Нам неабходна прыняць па іх прынцыповае рашэньне. Аднак зьявіліся падыходы, калі адмену выключэньняў па таварах пачалі ўвязваць з адменай выключэньняў па паслугах, капітале і працоўнай сіле», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Паводле кіраўніка Беларусі, гатоўнасьць праекту па-ранейшаму ацэньваецца экспэртамі на 70–80%.

«Збліжэньня па найбольш адчувальных пазыцыях для кожнага з бакоў практычна не адбылося, у тым ліку па фармаваньні агульнага энэргетычнага рынку, лібэралізацыі аўтамабільнага транспартнага рынку, доступу да газатранспартнай сыстэмы, правілах субсыдыяваньня сельскай гаспадаркі. Бакі пастаянна вылучаюць новыя прапановы, якія могуць размыць ужо дасягнутыя дамоўленасьці», — цытуе Інтэрфакс Лукашэнку.

Ён таксама адзначыў, што падзеі ў сьвеце падштурхоўваюць бакі да таго, каб рэалізацыя праекту стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу паскаралася.
XS
SM
MD
LG