Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: Супраць Расеі маглі б быць эфэктыўнымі санкцыі паводле «беларускай мадэлі»


Брытанскае выданьне Financial Times разглядае магчымыя санкцыі супраць Расеі і піша, што прыкладам маглі б паслужыць санкцыі супраць шэрагу беларускіх бізнэсоўцаў, блізкіх да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Financial Times спасылаецца на дакумэнт Эўразьвязу, у якім дасьледуецца эфэктыўнасьць санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і здушэньня пасьлявыбарчага пратэсту.

У дакумэнце адзначаецца, што шырокія санкцыі маглі б пашкодзіць агульнаму стану эканомікі, адмоўна адбіцца на найбяднейшых групах насельніцтва і нават узмацніць кіроўны рэжым. Таму былі абраныя «мэтавыя санкцыі»:

«Санкцыі Эўразьвязу верагодна будуць мець пажаданы ўплыў на палітычныя рашэньні Беларусі, калі яны скіраваныя на прадстаўнікоў беларускай бізнэс-эліты, якія актыўна падтрымліваюць рэжым, у якіх ёсьць моцны лабісцкі ўплыў і чыя палітычная эфэктыўнасьць можа быць павышаная ў выніку адмоўнага ўплыву санкцыяў на іх эканамічны статус, што прымусіць іх весьці перамовы ва ўрадзе пра свае інтарэсы і магчыма пераканаць урад зрабіць некаторыя палітычныя саступкі», — гаварылася ў дакумэнце.

Калі памяняць «Беларусь» і «беларускі» на «Расея» і «расейскі», то атрымоўваецца аргумэнт за «мэтавыя санкцыі» супраць рэжыму Пуціна, — піша Financial Times.

Financial Times тлумачыць, што ключавых асобаў для санкцыяў Эўразьвяз адбірала з дапамогай рэйтынгу інтэрнэт-выданьня «Ежедневный журнал», якое штогод вызначала найбольш пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі. Эўразьвяз таксама карыстаўся афіцыйнымі прэс-рэлізамі і інфармацыяй з сацыяльнай сеткі LinkedIn, якая выкарыстоўваецца для пошуку і наладжваньня бізнэс-кантактаў.

Як адзначае Financial Times, Эўразьвяз можа палічыць завялікім кошт магчымых санкцыяў супраць Расеі. «Але калі яны вырашаць падтрымаць мэтавыя санкцыі, урады краін Эўразьвязу павіныы мець яснае разуменьне на якія кошты яны гатовыя пайсьці, на як доўга і зь якой мэтай,» — піша выданьне.
XS
SM
MD
LG