Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што гэта за „народны прэзыдэнт“, які баіцца людзей?..»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».

Нечаканая перамога ўкраінскай рэвалюцыі і ўцёкі аўтарытарнага правіцеля Януковіча, які нават з дапамогай зброі ня здолеў утрымацца пры ўладзе — тэма, якую ў гэтыя дні абмяркоўваюць і ў чыноўніцкіх кабінэтах, і ў рабочых курылках, і ў грамадзкім транспарце. На гэтую ж тэму — значная частка нашай пошты апошніх дзён.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Разважаючы пра апошнія ўкраінскія падзеі, слухач піша:

«Назіраю за ўкраінскай рэвалюцыяй — і ўсё больш прыходжу да высновы, што недалёка той час, калі і беларускі рэжым падзе гэтак жа, як і рэжым Януковіча ва Ўкраіне. У нас у Макранах стаіць бюст Кірава, дык ён ужо і цяпер з усіх бакоў абмаляваны фашыстоўскімі свастыкамі. Да камуністычных правадыроў даўно няма ніякай павагі...

Увогуле, поўнач Украіны, зь якой мяжуе наш раён, не мітынгуе. Усе працуюць, як пчолы. Але ў сувязі з агульнай неспакойнай сытуацыяй трывога адчуваецца. Асабліва непакоімся за бясьпеку атамнай электрастанцыі ў Роўне. Гэта ж зусім побач з намі. Калі якія-небудзь неўраўнаважаныя асобы да яе дабяруцца, мала нікому не падасца — і ў нас, і ў Эўропе.

...У нас тым часам нібыта рыхтуюцца да галасаваньня, ідзе выбарчая кампанія. Але насамрэч яе фактычна няма. Вельмі многія ісьці галасаваць прынцыпова ня хочуць. Так ужо абрыдла гэтая ўлада — слоў няма. Раніцай ідзеш у краму — цана адна, у той жа дзень заходзіш увечары — ужо іншая, вышэйшая. Усе ўжо стаміліся ад гэтай абдзіралаўкі»
.

Гэтыя выбары, сапраўды, не цікавыя нікому — ні шараговым выбарцам, ні апазыцыі, ні ўладзе. Усе ўсьведамляюць фальшывасьць і бессэнсоўнасьць фарсу, але многія з розных прычынаў працягваюць удзельнічаць у ім: адны — на загад; другія — па інэрцыі; трэція — дзеля захаваньня бачнасьці дэмакратычных інстытутаў.

...А што да падзеяў ва Ўкраіне, то яны, сапраўды, заўважна напружылі беларускую ўладу і далі надзею многім зьнявераным і расчараваным беларусам. Справа ў тым, што Віктар Януковіч старанна капіяваў і разьвіваў тую аўтарытарную мадэль улады, якую стварыў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ён і Канстытуцыю пад сябе перапісваў, і прэзыдэнцкія паўнамоцтвы пашыраў, і палітычных апанэнтаў у турму саджаў, і незалежныя мэдыі ўціскаў, і статус расейскай мовы пашыраў... А вось жа абрынулася ўсё ў адзін момант зь вялікім трэскам. І аказалася, што абараняць усёўладнага правіцеля і створаную ім сыстэму няма каму. Яму нават і ўцякаць з нарабаваным дабром няма куды — хіба што напрасіцца ў суседзі да прытуленага Лукашэнкам зрынутага кіргізамі Бакіева. Дык гэтым разам і Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца: сварыцца з новай украінскай уладай было б надта вялікай рызыкай... Ну, але пашанцавала: прытуліла пуцінская Расея.

Наш даўні і актыўны слухач Аляксей Былінскі з Рэчыцы адгукнуўся на нядаўняе рашэньне ўладаў пра ўвядзеньне чарговага так званага «аўтамабільнага» збору з уласьнікаў машын. Рашэньне выклікала пратэсты з боку невялікай часткі аўтамабілістаў. Зрэшты, улады хутка здушылі гэтыя праявы незадавальненьня. Спадар Былінскі з гэтай нагоды піша:

«Проста езьдзіць па вуліцы і сыгналіць на знак пратэсту — марны занятак. Гэткі ж бескарысны, як плясканьне ў далоні, што ня так даўно практыкавала апазыцыя.

Наша нізавая міліцыя — такая ж паднявольная частка грамадзтва. Думаеце, яны надта хочуць кагосьці штрафаваць за гэта? Іх прымушаюць.

І ў той жа час у вас ёсьць такі выбітны рэзэрв, як слугі народу — вашы прадстаўнікі ў парлямэнце, у абавязкі якіх уваходзіць ня толькі пладзіць законы, але і правяраць — наколькі яны адпавядаюць інтарэсам народу. Але ў рэальным жыцьці слугі народу гэта, здаецца, ня зусім разумеюць. Дык патлумачце ім гэта. Якім чынам? Калектыўна наведайце кожнага ў ягонай акрузе — і за подпісам 3–5 выбарцаў-аўтамабілістаў падайце пісьмовыя заявы. У гэтых заявах прапануйце за дэпутацкую зарплату аплаціць ваш аўтамабільны збор, бо ваш асабісты бюджэт зрабіць гэта не дазваляе.

Хто не працуе галавой — павінен працаваць нагамі. У іх жа ёсьць асабістыя аўтамашыны, дачы, кватэры. Няхай прадаюць і аплочваюць за тых, хто сапраўды ня мае магчымасьці вытрымаць падатковы цяжар і застацца ў жывых. Дык няхай лепш вымруць парлямэнцкія дыназаўры — каб прыйшлі больш разумныя і здольныя разабрацца ў праблеме. А яна больш чым сур’ёзная. Дзяржава працуе, атрымлівае даход. Але куды дзяюцца грошы, калі даводзіцца абшчыкваць народ і жыць за кошт вонкавых пазыкаў? І ў той жа час прыўладныя мэдыі цьвердзяць пра нейкія вялікія дасягненьні, а чыноўнікі раздаюць адзін аднаму падзякі і ўзнагароды. У іх — ніякіх праблемаў! А ў нас?»
.

Прапанова, спадар Аляксей, нібыта і слушная, але пры бліжэйшым разглядзе — утапічная і бясплённая. Беларускія дэпутаты калі чыімі абраньнікамі і зьяўляюцца, дык — абраньнікамі дзейнай улады. Ад выбарцаў яны фактычна ніяк не залежаць і дагаджаць ім не імкнуцца. За распрацаваны ў кабінэтах прэзыдэнцкай адміністрацыі законапраект пра ўвядзеньне аўтападатку гэтыя так званыя «дэпутаты» прагаласавалі аднагалосна, хоць цудоўна ведалі, што 90 працэнтаў выбарцаў — супраць.

Але галоўнае нават ня гэта. Каб ажыцьцяўляць такую маштабную акцыю, пра якую вы пішаце, патрэбны сотні і сотні актывістаў, гатовых ахвяраваць уласным часам ды ігнараваць рызыку затрыманьня, арышту і звальненьня з працы... Адкуль іх узяць?

Пра некаторыя адметнасьці цяперашняй беларускай улады і яе кіраўнікоў разважае ў сваім допісе Аляксандар Лешык з Баранавічаў. Слухач піша:

«Паслухаеш Лукашэнку, як ён расьпякае сваіх чыноўнікаў — дык, аказваецца, усе вакол вінаватыя ў развале і занядбаньні, і толькі ён адзін добры. Неяк дзіўна. Столькі гадоў, нават дзесяцігодзьдзяў — адно і тое ж. Можа, усё ж нешта з сыстэмай ня тое, калі справы толькі горш і горш?

Яшчэ адна адметнасьць цяперашняга Лукашэнкі — тое, што ён баіцца людзей. Калі апошні раз было такое, каб ён проста прайшоўся па вуліцы, пагаварыў з выпадковымі мінакамі? Неяк нядаўна прылятаў да нас у Баранавічы, дык загадзя нагналі міліцыі, салдат, не дазвалялі нават з дому выйсьці. І гэта за некалькі кілямэтраў ад таго месца, якое ён наведваў. Дзе Лукашэнка — там мёртвая зона. Ну і што гэта за „народная ўлада“, „народны прэзыдэнт“?

А ягонае атачэньне? Маўчаць, панурыўшыся, слухаюць, як ён іх лае, нешта ўсё запісваюць у блякноцікі...Нібы толькі што зь лесу выйшлі — нідзе не вучыліся і ні ў чым не разьбіраюцца.

Як па мне, дык вынікі ягонай 20-гадовай эпохі — сумныя і драматычныя. Прамысловыя прадпрыемствы ў развале, глеба і вада забруджаныя, лес паўсюль высякаецца. Спэкулянты ўсякай масьці прадаюць непрыдатныя тавары.

А што вырабляе наша прамысловасьць? Вось хоць бы матаблёкі — рэч для прыватнага вясковага гаспадара незаменная. Кошты на іх — па-за межамі фантазіі. Купіць якасны імпартны — немагчыма. Зяць купіў айчынны — аддаў 9 мільёнаў рублёў. Дык выявілася, што араць ім няма як. Глядзіш наперад, каб была роўнай баразна — дык ён адразу заглыбляецца і закопваецца ў глебу... А яны па тэлевізары толькі хваляцца: ах, якая ў нас добрая прадукцыя, і танная, і якасная. Ды ў немца і хвалькі гэтыя, і канструктары даўно былі б у турме за такую якасьць...»
.

Апошнім часам, спадар Лешык, якасьцю беларускай прадукцыі ўлада ўжо ня хваліцца. На пачатку лютага, калі прэзыдэнт Лукашэнка падчас нарады лаяў сваіх міністраў за тое, што ня могуць прадаць вырабленае ды разгрузіць перапоўненыя склады, нечакана яму запярэчыў віцэ-прэм’ер Пракаповіч. Маўляў, трэба быць рэалістамі: наша прадукцыя неканкурэнтаздольная на вонкавых рынках, мы ня маем ніводнага машынабудаўнічага прадпрыемства, якое б выпускала прадукцыю на ўзроўні сусьветных стандартаў...

А што да гэтых крытычных разносаў падначаленых, якія Лукашэнка рэгулярна наладжвае перад тэлекамэрамі... Прызначаныя яны галоўным чынам для наіўных і даверлівых людзей, каб падтрымліваць сярод іх перакананьне, што цар добры — баяры кепскія. Дык жа ўсе гэтыя міністры, генэральныя дырэктары, старшыні выканкамаў вылучаныя, падрыхтаваныя, прызначаныя на высокія пасады ім асабіста. Калі яны такія кепскія — чаму ж ён іх прызначаў? А калі на працягу дваццаці гадоў добрых не было і няма — то, можа, прычына найперш у сыстэме, якая ня здольная функцыянаваць эфэктыўна і вылучаць на першыя ролі здольных і пасьпяховых?

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Ігара Сімашковіча з пасёлку Ула Бешанковіцкага раёну.Слухач піша:

«Радыё Свабода — гэта сапраўдны прамень хараства і сьвятла ў цемры зла, якая ахутала Беларусь. Слухаць вас я пачаў ад знакамітых падзей сьнежня 2010 году. Раней пра Свабоду ня ведаў: выпадкова натрапіў на хвалю, шукаючы навіны пра разгон Плошчы. Узяў у рукі караткахвалевы прымач, бо ня мог далей глядзець і слухаць бессаромную хлусьню і брыдоту афіцыйных мэдыяў. З таго часу імкнуся слухаць Беларускую Свабоду кожны вечар.

Чамусьці здаецца мне, што больш за іншых цярпіць ад дыктатуры дзейнай улады мая родная Віцебшчына. Таму вельмі пажадана, каб вашы карэспандэнты часьцей прыяжджалі да нас. Асабліва хацелася б убачыць Зьмітра Бартосіка.

Заўсёды дзялюся вашымі навінамі зь сябрамі, знаёмымі і роднымі. Імкнуся пашыраць кола людзей, якія ведаюць праўду, бо слухаюць Свабоду»
.

Мы шчыра ўдзячныя вам, спадар Ігар — і за добрыя словы, і за вашу грамадзкую актыўнасьць у справе пашырэньня нашай аўдыторыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG