Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама і Мэркель настойваюць на перамовах паміж Украінай і Расеяй


Ангела Мэркель і Барак Абама

Ангела Мэркель і Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заклікалі Ўкраіну і Расею да прамых перамоваў з прычыны вайсковых дзеяньняў Масквы ў Крыме. Пра гэта паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.

Пра гэта вялася гутарка падчас тэлефонных перамоваў амэрыканскага і нямецкага лідэраў.

Абама і Мэркель абгаварылі гарантыі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама неабходнасьць пазьбегнуць эскаляцыі канфлікту, у прыватнасьці, «шляхам дасланьня міжнародных назіральнікаў і місіяў маніторынгу правоў чалавека».

Таксама амэрыканскі і нямецкі лідэры абвясьцілі пра неабходнасьць «працягу падтрымкі ўраду Ўкраіны, які працуе над стабілізацыяй эканомікі і рыхтуецца да выбараў у траўні».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін учора на прэс-канфэрэнцыі сказаў, што з украінскіх органаў улады ўспрымае як «часткова легітымны» толькі парлямэнт і не прызнае законнасьці абраньня прэм’ер-міністра. Пуцін таксама не прызнае наяўнасьці ў Крыме расейскіх вайскоўцаў. Ён сказаў, што ўкраінскія вайсковыя часткі блякуюцца мясцовымі «сіламі самаабароны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG