Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгора Барадуліна пахавалі ў Вушачах


Гэта ён так хацеў, каб яго пахавалі на малой радзіме, на старых вушацкіх могілках, дзе ўжо больш за 40 год спачывае паэтава маці, Акуліна Андрэеўна Барадуліна.

Сваёй маці Рыгор Барадулін прысьвяціў нямала вершаў, захапляўся яе жыцьцёвай мудрасьцю і пачуцьцём мовы, запісваў матчыны прымаўкі, прыказкі, аповеды, якія пазьней увайшлі ў ягоную кнігу «Вушацкі кнігазбор».

З Вушачамі паэт ніколі ня траціў сувязі, нават набыў тут хату і прыяжджаў сюды амаль штогод, пакуль дазваляла здароўе. Каля гэтай хаты па вуліцы Школьнай і прайшла жалобная ўрачыстасьць, арганізаваная раённым аддзелам культуры. Калі прыехалі чыноўнікі з аблвыканкаму, то ў першыя некалькі хвілінаў адбылася замінка: вырашалі, ці даць слова выступоўцам-пісьменьнікам. Але ўрэшце выступалі ўсе па чарзе: і прадстаўнікі ўладаў, і тыя, хто прыехаў праводзіць у апошні шлях Барадуліна-сябра, Барадуліна-настаўніка, Барадуліна-творцу.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў напрыканцы свайго выступу пакрыў Рыгора Барадуліна бел-чырвона-белым сьцягам — тым самым, якім была накрыта труна Васіля Быкава.

Прадстаўнікі ўладаў не пярэчылі. Не было праблемаў і ў тых, хто разгарнуў бел-чырвона-белыя сьцягі ў натоўпе. А людзей сабралася багата: каля дзьвюх соцень толькі землякоў, ня кажучы пра тых, хто прыехаў на пахаваньне аўтобусамі і на ўласных аўто.

Уладзімер Някляеў зьвярнуўся да землякоў Барадуліна са словамі пра тое, што ім неймаверна пашанцавала — у тым, што такі выбітны чалавек і паэт іх любіў, любіў Вушаччыну. Людзі ў натоўпе не хавалі сьлёз, уголас плакала Валянціна Ўладзіміраўна Быкава, сястра знакамітага пісьменьніка — земляка і блізкага сябра нябожчыка...

Труна прастаяла на панадворку каля гадзіны, людзі падыходзілі разьвітацца, клалі кветкі. А потым пахавальная працэсія рушыла на могілкі, што на вуліцы Акцябрскай.

Там сьвятары — каталікі і ўніяты правялі службу, усе супольна маліліся за вечны і сьветлы супакой душы паэта ў нябёсах. Выступілі з прамовамі Лявон Баршчэўскі і Андрэй Хадановіч, і труну на руках панесьлі ўгару, на месца апошняга спачыну Рыгора Барадуліна, у самую сярэдзіну могілак пад стромкімі соснамі. Драўляны крыж наперадзе нёс Уладзімер Арлоў, партрэт сябра — Уладзімер Някляеў.

Апошняе разьвітаньне таксама прайшло пад малітвы. Напрыканцы ўсе разам засьпявалі «Магутны Божа».

Пахаваньне скончылася каля 19.30, ужо ў прыцемках. Але мясцовыя людзі парупіліся, каб усім прысутным было зручна: на могілкі прывезьлі генэратар і ўключылі асьвятленьне. Ніхто не сьпяшаўся разыходзіцца, усім хацелася хаця б крыху яшчэ пабыць тут, побач зь дзядзькам Рыгорам. Каля ягонай магілы, пакрытай белымі і чырвонымі кветкамі...

Апошнюю волю Рыгора Барадуліна выканалі: ён знайшоў адвечны супакой там, дзе хацеў — на роднай вушацкай зямлі. Мабыць, пра гэта ён некалі і напісаў:

Я там спачну,
Дзе, бы ў мядзьведжым вуху,
І перуну зацішна, й палыну,
Дзе ўжо ня будзе болей
Цесна духу
Майму,
Абжыўшы сьвежую труну.
Я там спачну...


XS
SM
MD
LG