Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увядзіце войскі ў Волагду! — расейцы кажуць Пуціну


Пуціну раяць заняцца расейскай глыбінкай, а ня ўкраінскім Крымам.

Супрацоўнік мэдыяхолдынга з Волагды Раман Раманенка зьвярнуўся да кіраўніка Расеі.

Ягоны зварот да Пуціна апублікаваны ў Фэйсбуку, якім ужо падзяліліся 518 разоў.


Паважаны Уладзімер Уладзімеравіч!

Мы даведаліся, што Вы хочаце ўвесьці войскі ў Крым, каб абараніць правы рускамоўнага насельніцтва.

У сувязі з гэтым у нас вялікая просьба — увесьці войскі ў Валагодзкую вобласьць. Мы тут усё спрэс рускамоўныя, і нашы правы вельмі ўшчамляюцца. Нашы хворыя ня могуць атрымаць патрэбных ім лекаў і лячэньня, узровень нашай адукацыі падае з кожным годам, зачыняюцца дзіцячыя сэкцыі і гурткі, сельская гаспадарка практычна зьнішчаная. Мы ўсе вельмі пакутуем.

А акупанты, якія захапілі ўладу пры дапамозе несумленных выбараў, нічога ня робяць для скаронага насельніцтва. І марнуюць грошы на сябе, на свой піяр, на свае кабінэты і загарадныя дамы, на набыцьцё кватэраў і авіячартэры.

Мы будзем вам вельмі ўдзячныя і гарантуем, што ніякай партызанскай вайны супраць вызваліцеляў ня будзе. Ды і міжнародных санкцый, напэўна, ня будзе пасьля.

А яшчэ мы даведаліся, што вы зьбіраецеся выдаткаваць шмат грошай, каб нармалізаваць жыцьцё ў Крыме. Саромеемся спытаць : ці можна выдаткаваць гэтыя грошы на нармалізацыю жыцьця ў Валагодзкай вобласьці. А то наша вобласьць у такой пазыковай яме, што ні на што грошай не хапае. А нам вельмі патрэбныя масты, дарогі, спартыўныя збудаваньні, прамысловыя аб’екты, новыя працоўныя месцы...

З павагай і надзеяй на вызваленьне, рускамоўныя жыхары Валагодзкай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG