Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія караблі «Цярнопаль» і «Славуціч» у расейскай аблозе


Украінскія ваенныя судны — супрацьлодкавы карабель «Цярнопаль» і карабель упраўленьня Ваенна-марскіх сілаў Украіны «Славуціч» — чацьвёртыя суткі заблякаваныя суднамі Чарнаморскага флёту Расейскай Фэдэрацыі ў Севастопальскай бухце, дзе верагодны іх сыход у мора перакрыты тральшчыкам «Турбініст» і двума буксірамі ЧФ РФ МБ-174 і РБ-389.

На борце гэтых трох расейскіх караблёў — марскія пехацінцы з агнястрэльнай зброяй і ў адпаведнай экіпіроўцы. Але, нягледзячы на гэта, ніводнае ўкраінскае падразьдзяленьне ня здрадзіла прысязе на вернасьць украінскаму народу.
Учора, 4 сакавіка, пасьля прэс-канфэрэнцыі Ўладзімера Пуціна камандаваньне і экіпажы караблёў ВМС Украіны абверглі словы Ўладзімера Пуціна пра тое, што нібыта ўкраінскіх вайскоўцаў блякуюць не расейскія ўзброеныя сілы, а мясцовая крымская «самаабарона». Вайскоўцы адзначылі, што форму, падобную на расейскую, сапраўды можна купіць у краме, аднак у свабодным продажы не знайсьці аўтаматычнай зброі, баявых пісталетаў і гранатамётаў, якімі ўзброеныя людзі на расейскіх караблях.

«У адказ на ўсе інсінуацыі, брудную плынь хлусьлівай інфармацыі з вуснаў неахайных палітыкаў і падкупленых імі журналістаў мы — афіцэры, мічманы, старшыны і матросы Ваенна-марскіх сілаў Узброеных сілаў Украіны — адкрыта заяўляем, што будзем шчыра і да канца выконваць свой ваенны доўг, абараняючы сваю краіну і народ Украіны, як робім гэта ўсе гады незалежнасьці: не за пасады і заробкі, а таму што гэта наша зямля, і для нас дарагое жыцьцё кожнага чалавека, які жыве на гэтай зямлі, да якой бы нацыянальнасьці ён ні належыў», — заявіў асабісты склад брыгады ўкраінскіх караблёў.
3 сакавіка прадстаўнік камандаваньня Чарнаморскага флёту Расейскай Фэдэрацыі высунуў ультыматум асабістаму складу карвэта «Цярнопаль» і караблю «Славуціч» скласьці зброю да 18.00 3 сакавіка і пакінуць караблі. Аднак маракі адназначна заявілі пра вернасьць украінскай прысязе. А 4 сакавіка экіпаж «Славуціча» адбіў спробу абардажу з боку расейскага ваеннага карабля. Пра гэта паведамілі ва Ўпраўленьні прэсы і інфармацыі Міністэрства абароны Ўкраіны.

«Узброеныя людзі на буксіры падышлі да борта карабля, але экіпаж даў сілавы адпор. Была спроба высадзіць абардажныя каманды, захапіць карабель, зброю і маракоў», — паведаміў камандзір брыгады надводных караблёў ВМС Украіны капітан 2-га рангу Віталь Зьвягінцаў.

Усяго Расея накіравала ў Крым 16 тысяч ваенных. Такія падлікі прывёў на экстрэнным паседжаньні Саўбеза ААН пастаянны прадстаўнік Украіны Юры Сяргееў. Кантынгент дастаўляўся ў Крым самалётамі, верталётамі і караблямі.

XS
SM
MD
LG