Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за крымскага крызысу расейскія мільярдэры зьбяднелі на 9,5 мільярда даляраў


Ужо на трэці дзень пасьля абвяшчэньня «крымскай вайны» расейскія мільярдэры падлічвалі свае страты.

3 сакавіка ў Расеі ўжо назвалі «чорным панядзелкам». Расейскі Forbes падлічыў, хто найбольш страціў ад імпэрскіх амбіцый Уладзімера Пуціна.

Так, кошт пакета акцый акцыянэра расейскага газавага гіганта «Наватэк» Леаніда Міхельсона (57 пазыцыя ў сусьветным рэйтынгу Forbes) зьнізалася за «чорны панядзелак» на 1,34 мільярда даляраў.

На такую ж суму зьнізіўся кошт пакета заснавальніка і ўладальніка буйной розьнічнай сеткі «Магніт» Сяргея Галіцкага (117 пазыцыя ў сусьветным рэйтынгу Forbes).

«Магчымасьць узброенага супрацьстаяньня з Украінай, як і пагроза санкцый у дачыненьні да Расеі з боку Захаду, сталі для інвэстараў шокам», — пішуць аўтары Forbes.

Капіталізацыя расейскага фондавага рынка за адзін дзень зьнізілася на 2 трыльёны рублёў, індэксы РТС і ММВБ зьнізіліся больш як на 10 працэнтаў, а таргі акцыямі некаторых кампаніяй спыніліся з-за абвальнага падзеньня каціровак больш чым на 20%.
XS
SM
MD
LG