Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША падтрымалі Ўкраіну і рыхтуюць Расеі глябальную ізаляцыю


Аляксандар Турчынаў, Джон Керы і Арсеній Яцанюк

Аляксандар Турчынаў, Джон Керы і Арсеній Яцанюк

ЗША маюць намер даць Украіне 1 мільярд даляраў фінансавай дапамогі — гэтую інфармацыю падчас візыта ў Кіеў пацьвердзіў дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы.

Паводле ягоных словаў, цяпер амэрыканская ўлада на этапе вызначэньня таго, якімі зьяўляюцца першачарговыя патрэбы Ўкраіны. У Кіеве дзяржсакратар ЗША настойваў на падтрымцы ўкраінцаў і заклікаў Расею спыніць вайсковую агрэсію. Інакш, па словах Керы, Маскве пагражае глябальная ізаляцыя.

Свой першы візыт ва Ўкраіну дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы распачаў з адведваньня вуліцы Інстытуцкай у Кіеве, куды прыносяць кветкі і сьвечкі, каб ушанаваць загінулых ад дзеяньняў сілавікоў удзельнікаў Эўрамайдану. Паводле Керы, гэтыя людзі загінулі, адстойваючы свае правы, гонар і годнасьць:

«Тое, што яны так сьмела стаялі, а я кажу гэта з усёй упэўненасьцю, немагчыма скрасьці кулямі ці ўварваньнем, гэта не прымусяць замаўчаць забойцы на дахах. Гэта — штосьці сапраўднае. Гэта называецца свабода», — зазначыў дзяржсакратар ЗША.

Джон Керы ўскладвае кветкі ў памяць аб загінулых у Кіеве

Джон Керы ўскладвае кветкі ў памяць аб загінулых у Кіеве




Цяпер, заявіў Керы, за свабоду змагаецца іншая частка Ўкраіны — але ёй супрацьстаіць ужо яе не ўнутраны супернік, а зьнешні. Падчас свайго выступу ў Кіеве Керы пацьвердзіў непрыняцьце Вашынгтонам дзеяньняў Расеі ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. Дзяржсакратар сярод іншага зазначыў, што калі б размова сапраўды ішла пра пагрозу расейскаму насельніцтву Крыма, то ёсьць безьліч варыянтаў, як вырашыць гэты клопат дыпляматычным шляхам.


Дарэчы, пад сумнеў шчырасьць публічных намераў Расеі паставіў таксама прэзыдэнт ЗША Барак Абама:

«Той факт, што мы як і раней бачым салдат за межамі іх казарм, сьведчыць, што падзеі ў Крыме не зьяўляюцца наступствам абвешчанага клопату пра этнічных расейцаў ці расейскамоўных украінцаў. Гэта сьведчаньне таго, што Расея шляхам выкарыстаньня сілы намагаецца ўплываць на суседнюю краіну», — заявіў Абама ў Вашынгтоне.

Расеі патрэбныя нагоды для глыбейшага ўварваньня — Керы



Джон Керы заявіў пра недапушчальнасьць вайсковага ўварваньня і зазначыў, што дзеяньні, якія ажыцьцяўляе Расея, складана ўявіць сабе ў 21 стагодзьдзі. Гэты тэзіс пад час выступу Джона Керы гучаў некалькі разоў: дзяржсакратар ЗША фактычна ставіць пад сумнеў аўтарытэт Расеі ў сьвеце, бо па-сапраўднаму годныя дзяржавы так сябе не паводзяць:

«Відавочна, што Расея шмат працуе над тым, каб стварыць нагоды для глыбейшага ўварваньня», — сказаў Джон Керы, камэнтуючы паводзіны расейскіх вайскоўцаў у Крыме. Таму, дадаў дзяржсакратар, трэба аддаць належнае стрыманасьці ўкраінскіх вайскоўцаў і цяперашніх уладаў, якія усяляк заклікаюць не рэагаваць на правакатыўныя дзеяньні расейскага боку.


ЗША настойваюць на тым, што канфлікт, які склаўся ў Крыме, бакі маюць вырашыць дыпляматычным шляхам і спрыяць гэтаму мусіць сама Расея, якая пакуль гатоўнасьці да цывілізаванага дыялёгу не дэманструе:

«Калі Расея не пагодзіцца на дээскаляцыю, не пачне працаваць наўпрост з украінскім урадам, у нашых партнэраў ня будзе аніякага выхаду, апроч як зрабіць наступныя крокі па ізаляцыі Расеі — палітычнай, дыпляматычнай і эканамічнай», — абвясьціў Керы і дадаў, што ЗША не жадаюць такога разьвіцьця падзеяў, але пакуль Расея не зрабіла нічога, каб такі сцэнар абвергнуць.


Раней дзяржсакратар ужо паведамляў пра магчымасьць увядзеньня эканамічных санкцый супраць Расея. Рэакцыю Крамля на магчымыя санкцыі агучыў дарадца Уладзімера Пуціна Сяргей Глазьеў: Расея, маўляў, у такім выпадку будзе вымушаная прызнаць немагчымасьць вяртаньня крэдытаў амэрыканскім банкам, адмовіцца ад даляра і пяройдзе на іншыя рэзэрвовыя валюты, а таксама створыць сваю разьлікова-плацежную сыстэму.

Мільярд на эканамічныя рэформы


Цяпер, па словах Керы, у Вашынгтоне працуюць над пакетам фінансавай дапамогі Ўкраіне. Размова ідзе пра 1 мільярд даляраў гарантаванай пазыкі, якую ЗША маюць намер накіраваць найперш у эканамічны сэктар:


«Мы таксама працуем з цяперашнім урадам, каб дапамагчы яму змагацца з карупцыяй, вярнуць скрадзеныя актывы, мець магчымасьць супрацьстаяць палітычна матываваным эканамічным маніпуляцыям Расеі — ці гэта цэны на газ, ці гандлёвая вайна з найлепшым украінскім шакалядам», — дадаў Джон Керы.

Па словах дзяржсакратара, дасягнутыя дамоўленасьці будуць выкананыя:

«Я ня думаю, што ў ЗША ці іншай краіне прынятае расправяць пра сілу і сьмеласьць людзей, якія выйшлі на вуліцы, казаць пра каштоўнасьць дэмакратыі і свабоды, за якую тут змагаюцца, а пасьля проста нічога не зрабіць», — зазначыў ён.

У Кіеве Джон Керы сустрэўся таксама з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Аляксандрам Турчынавым і прэм’ер-міністрам Арсеніем Яцанюком. Пазьней, камэнтуючы гэтую сустрэчу для прэсы, дзяржсакратар зазначыў, што Вашынгтон прызнае легітымнасьць пераходнага ўкраінскага ўраду і ўсяляк зь ім супрацоўнічае. Пра былога прэзыдэнта Віктара Януковіча Джон Керы згадаў усяго толькі адзін раз, зазначыўшы, што ён уцёк і парушыў свае канстытуцыйныя абавязкі.

Віталь Клічко, Джон Керы, Пятро Парашэнка, Алег Цягнібок, Сяргей Цягіпка

Віталь Клічко, Джон Керы, Пятро Парашэнка, Алег Цягнібок, Сяргей Цягіпка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG