Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО: Расея працягвае парушаць сувэрэнітэт Украіны


Расея, не зважаючы на неаднаразовыя заклікі міжнароднай супольнасьці, працягвае парушаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, а таксама свае міжнародныя абавязальніцтвы, заявіла ўчора Паўночнаатлянтычная рада НАТО.

Дзеяньні Расеі ствараюць сур’ёзныя наступствы для бясьпекі і стабільнасьці эўраатлянтычнага рэгіёну, заявіў кіраўнічы орган Паўночнаатлянтычнага зьвязу пасьля тэрміновых кансультацый, які склікала Польшча з-за дзеяньняў Расеі ў суседняй зь ёй Украіне.

НАТО узмоцніць дэталёвае вывучэньне наступстваў цяперашняга крызысу для бясьпекі альянсу, гаворыцца ў заяве.

НАТО будзе і далей падтрымліваць усе канструктыўныя намаганьні, якія накіраваныя на мірнае вырашэньне крызысу адпаведна зь міжнародным правам.
«Мы вітаем такія намаганьні ААН, Эўразьвязу, АБСЭ і Рады Эўропы», — заявілі амбасадары краін НАТО.

Паўночнаатлянтычны зьвяз таксама будзе далей кансультавацца з нагоды гэтага крызысу з Украінай у рамках Камісіі НАТО — Украіна. Таксама зьвяз будзе весьці размовы пра гэта і з Расеяй у рамках Рады НАТО — Расея, якая правядзе сустрэчу ўжо сёньня.

Тэрміновую кансультацыю склікалі на запыт Польшчы, якая папрасіла пра яе, паводле артыкула 4 Вашынгтонскай дамовы пра функцыянаваньне НАТО. Гэты артыкул прадугледжвае права краін-чальцоў пасьці на такі крок, калі яны лічаць, што ўзьнікае небясьпека іх тэрытарыяльнай цэласнасьці, палітычнай незалежнасьці ці бясьпецы.
XS
SM
MD
LG