Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі ў Крыме. Хто яны і адкуль узяліся?


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заяўляе, што ў Крыме ўсяго толькі арганізуюцца аддзелы самаабароны. Захад лічыць, што гэта расейскія баявыя часткі.

Карэспандэнт РС Рон Сынавіц спрабуе разабрацца з дапамогай замежных вайсковых экспэртаў.

Колькі цяпер расейскіх вайскоўцаў у Крыме?


Паводле ўкраінскіх уладаў, цяпер у Крыме каля 16 000 расейскіх вайскоўцаў і ўсё больш іх прыбывае паветраным шляхам і па моры. Цім Рыплі з часопісу Jane’s Defence Weekly, спасылаючыся на паведамленьні, падлічвае, што ад пачатку інтэрвэнцыі 28 лютага, у Крым маглі прыбыць ад 6 000 да 7 000 вайскоўцаў. Рыплі кажа, што нармальны ўзровень расейскіх войскаў у межах Чарнаморскага флёту ў Крыме гістарычна быў каля 11 000. Але большасьць гэтай лічбы складалі маракі або дапаможны пэрсанал, а ня тыя наземныя баявыя сілы, што цяпер разьмясьціліся на паўвостраве.

Што мы ведаем пра нядаўна прыбылыя сілы?


Большая частка нядаўна разгорнутых войскаў перамясьціліся з Расеі, а не належаць да раней дысьлякаванага Чарнаморскага флёту. Паводле Рыплі, гэтыя войскі перапраўленыя паветраным або марскім шляхам, паколькі Крым аддзелены ад расейскай тэрыторыі мацерыковай Украінай. Расейцы кантралююць ва Ўкраіне шэраг авіябаз, якія падтрымліваюць іх флёт. Да таго ж яны захапілі паромную пераправу, што за некалькі кілямэтраў ад расейскай Кубані. Там курсуюць чаўночныя караблі, поўныя вайскоўцаў і тэхнікі. Пару адзінак былі ідэнтыфікаваныя як аддзелы расейскіх войскаў хуткага рэагаваньня з Масквы.

Крыстафэр Лангтан, дырэктар Лёнданскага незалежнага цэнтру дасьледаваньня і аналізу канфліктаў адзначае, што практыка выкарыстаньня вайскоўцаў без апазнавальных знакаў ужо апрабаваная Расеяй у 2008 годзе падчас канфлікту з Грузіяй.

Якія абмежаваньні прадугледжвае для расейскай прысутнасьці пагадненьне аб разьмяшчэньні Чарнаморскага флёту ва Ўкраіне?


Паводле розных пагадненьняў паміж Расеяй і Ўкраінай, Расея можа разьмясьціць да 25 000 вайскоўцаў на Крымскім паўвостраве. Гэты кантынгент можа знаходзіцца па-за тэрыторыяй сваіх базаў для нармальнага ўтрыманьня аб’ектаў. Але ёсьць абмежаваньні на іх разгортваньне – нават для правядзеньня вучэньняў. Такім чынам, нягледзячы на тое, стралялі расейскія вайскоўцы або не, іх цяперашнія манэўры ў Крыме могуць разглядацца як наступленьне і парушэньне базавых пагадненьняў, заключаюць заходнія экспэрты.
XS
SM
MD
LG