Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сцэнар «вайны чужымі рукамі» ня ўдаўся, – экспэрт


Мікола Сунгуроўскі

Мікола Сунгуроўскі

Якая цяпер ваенная сытуацыя ў Крыме, чаму ўзброеныя сілы Ўкраіны не аказваюць ваеннага супраціву, чаму Расея не прызнае, што ў Крыме дзейнічаюць яе вайскоўцы?

На гэтыя пытаньні нашага радыё адказвае Мікола Сунгуроўскі, дырэктар ваенных праграм украінскага дасьледнага цэнтру імя Разумкова. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Якая агульная ваенная сытуацыя цяпер у Крыме?

Сунгуроўскі: Вайсковая прысутнасьць Расеі назіраецца ва Ўкраіне толькі ў Крыме. Расея цяпер рэалізуе апэрацыю «вайна чужымі рукамі» – proxy war. Галоўная стаўка робіцца на мясцовы актыў – прарасейскі арыентаваныя палітычныя сілы, якія прапануюць спачатку выхад пэўных рэгіёнаў са складу Ўкраіны, а потым далучэньне іх да Расеі. Вайсковая сіла тут выконвае 3 галоўныя функцыі:

1. Быць сымбалем – «Расея нас не пакіне, дасьць дапамогу»;
2. Блякаваньне сілавых структур Украіны, каб яны не супраціўляліся;
3. Захоп стратэгічна важных аб'ектаў, найперш органаў кіраваньня.

Тэрыторыя Крыму часткова зазнала прысутнасьць вайсковых сілаў Расеі. Асабліва гэта назіраецца там, дзе дысьлякуюцца часткі ўзброеных сілаў і памежных войскаў Украіны. Украінскія вайсковыя часткі ў Крыме захоўваюць вернасьць Украіне. Але іх дзеяздольнасьць абмежаваная, бо яны блякаваныя расейскімі сіламі, якія пераважаюць іх і тэхнічна, і паводле колькасьці. Аднак з боку расейскіх вайскоўцаў рашучых дзеяньняў не назіраецца. Чаму? Таму, як я казаў, што галоўная стаўка робіцца на мясцовы палітычны актыў. Калі яго не хапае, з Расеі завозяцца атрады адмыслова падрыхтаваных людзей.

РС: Чаму Расея ладзіць спэктакль нават на ўзроўні прэзыдэнта Расеі, які гаворыць, што расейскіх войскаў ва Ўкраіне няма? Калі ёсьць шмат сьведчаньняў таго, што расейскія вайскоўцы там прысутнічаюць і адыгрываюць ключавую ролю.

Сунгуроўскі: Цяпер у сацыяльных сетках зьявіліся пацьверджаньні прысутнасьці менавіта расейскіх вайскоўцаў. Калі яны ня маюць апазнавальных знакаў, гэта ня значыць, што іх нельга апазнаць. Па бірцы, на якой напісанае прозьвішча аднаго з салдатаў, атрымалася ідэнтыфікаваць яго як службоўца спэцзлучэньня Галоўнага разьведнага ўпраўленьне міністэрства абароны Расеі. Таму казаць пра тое, што гэта нейкія парамілітарныя мясцовыя фармаваньні, я б ня стаў, гэта салдаты ўзброеных сілаў Расеі. Расея неадэкватна ацаніла сытуацыю ва Ўкраіне. Яна спадзявалася, што з прычыны ўвядзеньня ў Крым абмежаваных вайсковых кантынгентаў пачнуцца паўстаньні, узьнікне сытуацыя нестабільнасьці, на фоне якой ці карыстаючыся якой атрымаецца зрынуць уладу. Але гэтыя спадзяваньні ня спраўдзіліся, масавага паўстаньня не адбылося.

РС: Зрынуць уладу ў Крыме ці на Ўсходзе Ўкраіны ў цэлым?

Сунгуроўскі: Спачатку ў Крыме. Потым, як празь бікфордаў шнур, ва ўсходніх рэгіёнах, а потым і ва Ўсёй Украіне. Такі быў сцэнар.

РС: А чаму Масква не магла сказаць шчыра – так, гэта нашы салдаты, яны наводзяць парадак?

Сунгуроўскі: Таму што сцэнар быў зацьверджаны загадзя. Паводле яго галоўнай ударнай сілай павінна было быць, маўляў, Украіна сама абрала свой шлях разьвіцьця. Расея спадзявалася, што ёй не спатрэбіцца прамое шырокае ваеннае ўварваньне.

РС: Чаму ўкраінскія сілы не даюць узброенага адпору? Таму што іх няма ці гэта такі плян?

Сунгуроўскі: Той плян, пра які я казаў, можа адбывацца да першага стрэлу, да першай крыві. Першы стрэл – і пачынаецца звычайны ўзброены канфлікт з ахвярамі, якіх будзе ня сотня, як была на Майдане, а сотні. Для Ўкраіны, якая ўжо страціла гэтую сотню на Майдане, гэты крывавы сцэнар быў непрымальны. Таму яна намагалася і намагаецца прадухіліць сілавы сцэнар і не ўжывае свае ўзброеныя сілы.

РС: Наколькі я зразумеў, вы мяркуеце, што тут дзейнічае прынцып «хто прайграе – выйграе». А ці ёсьць у Расеі сцэнар банальнай ваеннай акупацыі – спачатку Крыму, а потым можа і далей? Калі іншы бок не страляе, дык ідзі і займай, што хочаш.

Сунгуроўскі: Для пераходу на такі сцэнар і рыхтавалася правакацыя з забойствам расейскіх вайскоўцаў. Яе агучыў спачатку спадар Лаўроў. Потым нашы вайскоўцы атрымалі зьвесткі пра такі плян – забіваюцца 3-4 расейскія вайскоўцы, пасьля чаго Расея ад «вайны чужымі рукамі» пераходзіць да маштабнага ваеннага ўварваньня. Для чаго на мяжы Ўкраіны падчас тэрміновых вучэньняў былі сканцэнтраваныя моцныя злучэньні ўзброеных сілаў Расеі.

РС: А ці можна сказаць, што мясцовыя прарасейскія парамілітарныя фармаваньні і расейскія войскі ў ваенным сэнсе кантралююць усю паўвыспу?

Сунгуроўскі: Сёньня не. Ужо не. Сёньня сцэнар ня ўдаўся. Крымчане пачынаюць адчуваць сябе гаспадарамі свайго паўвострава і пачынаюць больш актыўна супраціўляцца тым сілам, якія там дзейнічаюць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG