Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама высьмеяў сёньня аргумэнты прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, якімі ён спрабаваў апраўдаць ваеннае ўварваньне ў Крым.

Выступаючы перад журналістамі ў Вашынгтоне, Барак Абама адзначыў: «Прэзыдэнт Пуцін, здаецца, цяпер мае другую групу юрыстаў, якія рыхтуюць іншы набор тлумачэньняў, але ня думаю, што гэта хоць кагосьці абдурыць».

Паводле Абамы, і Эўразьвяз, і іншыя саюзьнікі ЗША лічаць, што Расея парушыла міжнароднае права, калі ўварвалася ва Ўкраіну. Як ён сказаў, няма ніякіх сьведчаньняў таго, што правы расейцаў або расейскамоўных парушаюцца ва Ўкраіне, і што праблему было б трэба вырашаць праз міжнародныя мэханізмы. Абама дадаў, што Ўкраіна цалкам можа быць сябрам і Захаду, і Расіі.

Барак Абама правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі — ужо другое за два дні, прысьвечанае становішчу ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт ЗША таксама заявіў, што Вашынгтон рыхтуе пакет дапамогі для Ўкраіны, які часткова будзе накіраваны на правядзеньне выбараў. Законныя выбары пакажуць, што Ўкраіна здольная кіраваць сабой, сказаў Абама і заклікаў Кангрэс падтрымаць гэты пакет дапамогі.

Раней сёньня Ўладзімер Пуцін даў вялікае тэлеінтэрвію, у якім выказаў аргумэнтацыю Крамля, чаму яго дзеяньні ва Ўкраіне «цалкам законныя і апраўданыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG