Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 5 сакавіка: місія АБСЭ едзе ў Крым, дзень сьмерці Сталіна


Мітынг праціўнікаў эўраінтэграцыі ў Адэсе, 4 сакавіка 2014
Мітынг праціўнікаў эўраінтэграцыі ў Адэсе, 4 сакавіка 2014
5 і 6 сакавіка місія АБСЭ плянуе наведаць Крым. Паводле УНІАН, украінскае міністэрства замежных спраў папярэдне выказала згоду на ўсталяваньне спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ па Крыме.

Дзярждэпаратамэнт ЗША плянуе штогадовае ўручэньне прэмій жанчынам сьвету за мужнасьць. Першай беларускай, якая атрымала гэтую прэмію, стала ў 2011 годзе Наста Палажанка.

Менгарвыканкам праводзіць дзень інфармаваньня насельніцтва пра парадак прызначэньня пэнсіяў. Ад 10 да 13 гадзін на пытаньні па тэлефоне 142 будуць адказваць спэцыялісты.

На тэрыторыі заводу МАЗ будуць паказваць аўтатэхніку, што прымала ўдзел у ралі Дакар-2014.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1279 — войскі ВКЛ перамаглі войска Тэўтонскага ордэну ў бітве пры Ашэрадэне.

1946 — прэм’ер Вялікабрытаніі часоў Другой Сусьветнай вайны Ўінстан Чэрчыль выступіў у амэрыканскім горадзе Фултане з прамовай, ад якой вядзецца адлік «халоднай вайны».

1948 - чэхаславацкія спэцслужбы на загад СССР арыштавалі ў горадзе Вімпэрк паэтку Ларысу Геніюш і яе мужа лекара Яна Геніюша. Неўзабаве іх чакаў "судовы працэс" у Менску і дарога у ГУЛАГ.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні з Грэцыяй.

2000 — касьцёл бэатыфікаваў 11 сёстраў-назарэцянак, расстраляных нацыстамі ў 1943 г. каля Наваградка.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ НАРАДЗІЛІСЯ

1871 — Роза Люксэмбург, польская і нямецкая рэвалюцыянэрка.

1896 — Кандрат Крапіва, беларускi савецкi пicьменьнiк, байкапicец.

1910 — Аўген Калубовіч (Каханоўскі), беларускі гісторык, палітычны дзеяч, настаўнік.

1951 — Галіна Гарэлава, беларуская камапзытарка.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ ПАМЕРЛІ

1953 — савецкі дыктатар Ёсіф Сталін. Падлік ахвяраў яго рэжыму працягваецца дагэтуль. Гл. Картатэка Сталіна на Свабодзе.

2000 — у Менску трапіў пад машыну і трагічна загінуў беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, аўтар папулярных працаў па гісторыі Беларусі (кнігі «Старажытная Беларусь», «Па сьлядах аднаго міфа», «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае»).

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

З успамінаў Васіля Быкава, які тады служыў на Сахаліне, пра сьмерць Сталіна:

«Хутка вярнуўшыся, падпалкоўнік з каменным тварам аб’явіў: „Памёр таварыш Сталін. Устаць!“ Усе ўсталі, моўчкі ўзіраючыся ў барадаты твар падпалкоўніка, і я сказаў сабе тады ў думках: „Слава табе, Госпадзе“. Усе, аднак, тую навіну выслухалі моўчкі, ніхто не заплакаў. Былі абыякава-стрыманыя і пасьля, на перапынку. Пачаліся траўрныя пастраеньні, мітынгі, палымяна-жалобныя прамовы палітначальства ды яго падбрэхічаў. Курсанты-афіцэры маўчалі. Мы адчувалі, што нешта павінна зьмяніцца і прагнулі, каб зьмянілася ў лепшы бок. У горшы ўжо не было куды.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG