Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя грамадзкія праблемы — такія, як узьвядзеньне новых дамоў у цесных дварах, дрэнная якасьць пітной вады, выбоіны на дарогах, перабоі ў руху грамадзкага транспарту ды іншыя — былі да нядаўняга часу галоўнымі на перадвыбарчых сустрэчах кандыдатаў у дэпутаты. Аднак апошнімі днямі ніводная сустрэча не абыходзіцца без абмеркаваньня сытуацыі ва Ўкраіне.

Кандыдат у дэпутаты Менскага абласнога савету, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін кажа, што ў той частцы Барысава, дзе ён балятуецца, шмат эканамічных праблемаў. З прадпрыемстваў скарачаюць людзей, рэальныя заробкі ад пачатку году не растуць, а зьмяншаюцца. І тым ня меней ягоных выбарцаў вельмі цікавіць сытуацыя вакол Украіны:

«Вымушаны прызнаць, што людзі вельмі, як кажуць, замбіраваныя. Але калі пачынаеш тлумачыць, як склалася сытуацыя ва Ўкраіне, хто такія бандэраўцы (бо ніхто ня ведае, хто яны такія), — то тады, здаецца, людзі пачынаюць трохі разумець. Але ж, вядома, нашы магчымасьці значна меншыя ў параўнаньні зь дзяржаўнымі мэдыямі, асабліва расейскімі каналамі».

Аляксей Янукевіч балятуецца ў сталічны гарсавет па 6-й Галадзедаўскай акрузе, што ў Чыжоўцы. Лідэр партыі БНФ кажа, што паводле стаўленьня ягоных выбарцаў да расейскай агрэсіі ён беспамылкова вызначае, ці карыстаюцца гэтыя людзі інтэрнэтам, ці абмяжоўваюцца толькі праглядам тэлебачаньня:

«Мы агітуем, ходзім па кватэрах. І кожны раз усплывае ўкраінская тэма. Фактычна гэта асноўнае, што сёньня цікавіць людзей. Як гэта ні дзіўна, нават унутрыбеларускія пытаньні выклікаюць меней эмоцыяў, меней людзкой увагі, чым падзеі ў суседняй краіне.
Нават унутрыбеларускія пытаньні выклікаюць меней эмоцыяў, меней людзкой увагі, чым падзеі ў суседняй краіне

На жаль, бачна, што многія знаходзяцца ў інфармацыйным коле расейскіх тэлевізійных каналаў. Таму бальшыня хутчэй падтрымлівае ўвядзеньне ў Крым расейскіх войскаў. Аднак і багата людзей, якія вельмі адмоўна ставяцца да расейскай агрэсіі і знаходзяцца на баку ўкраінцаў».

Па Заслаўскай выбарчай акрузе № 40, што непадалёк ад цэнтру Менску, хоча стаць дэпутатам сталічнага гарсавету намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Яўген Крыжаноўскі. Ён кажа, што спачатку ягоных выбарцаў найбольш непакоіла будоўля новага банку ў і без таго шчыльна заселеным раёне. А вось у апошнія дні асноўная тэма пры размовах — падзеі ва Ўкраіне.

Адны выбарцы выступаюць за новую ўкраінскую ўладу, іншыя — яе крытыкуюць. Але ўсе яны супраць крыві, за перамовы, за дыпляматычныя высілкі, — адзначае спадар Крыжаноўскі:

«Я гэтую сытуацыю адчуваю нават на асабістым роўні. Я па крыві хахол чыстакроўны. Кіеў — Кіраваград — Адэса, вось так зьверху ўніз, жыве ўся мая радня. І яны падзяліліся. Што можа быць страшней за гэта?! Адны за гэтых, іншыя — за тых...»

Пра рознае стаўленьне выбарцаў да падзеяў ва Ўкраіне сьведчыць і актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Максім Гацак, які хоча стаць дэпутатам сталічнага гарсавету па Чыгуначнай акрузе № 20:

«Людзі па-рознаму ацэньваюць сытуацыю. Хтосьці падтрымлівае ўвод расейскіх войскаў, хтосьці, наадварот, гаворыць пра акупацыю. Даволі палярнае стаўленьне да гэтага.

Тыя, хто падтрымлівае, кажуць пра бандэраўцаў, фашыстаў, якія нібыта ходзяць і б’юць людзей. Тыя, хто выступае супраць, кажуць, што нельга ўмешвацца ва ўнутраныя справы Ўкраіны».
XS
SM
MD
LG