Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бунт на расейскім ТВ: вядучая асудзіла ўвод войскаў ва Ўкраіну


Вядучая тэлекампаніі Russia Today Эбі Марцін у жывым эфіры асудзіла ўвод расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

У канцы сваёй праграмы Breaking the Set ад 3 сакавіка яна «ад свайго сэрца» выказала пратэст супраць расейскай акупацыі тэрыторыі Ўкраіны — Крыму:

«Тое, што я працую тут, на Russia Today, не азначае, што ў мяне няма журналісцкай незалежнасьці. Я падкрэсьліваю, што я катэгарычна супраць умяшаньня любой краіны ў справы сувэрэнных дзяржаў, тое, што зрабіла Расея, няправільна... Я не зьбіраюся абараняць „ваенную агрэсію“ ў эфіры сваёй праграмы».

Галоўны рэдактар каналу Маргарыта Сіманьян ня выключыла звальненьня журналісткі. У інтэрвію «Лента.ру» яна заявіла, што журналістка дрэнна ўяўляе сабе сытуацыю ў Крыме і ў дадзеным выпадку стала ахвярай «амэрыканскай прапаганды».

«Амэрыканская машына прапаганды, якую сама ж Эбі кляйміць у кожным сваім выпуску, працуе так магутна, што прымудраецца прамыць мазгі нават самым разумным і палымяным. Тым мацней мы працягнем ёй супрацьстаяць. Калі Эбі застанецца з намі ў гэтым супрацьстаяньні — я буду рада, калі не — ну што ж, вельмі шкада», — адзначыла яна.

XS
SM
MD
LG