Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: вайсковыя базы ў Крыме блякуюць сілы крымскай самаабароны, а не расейцы

абноўлена

Пуцін: Ва Ўкраіне антыканстытуцыйны пераварот і ўзбройны захоп улады
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:56 0:00
Ва Ўкраіне адбыўся антыканстытуцыйны пераварот і ўзброены захоп улады. Такую заяву зрабіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на сваёй прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

Паводле Пуціна, антыканстытуцыйныя дзеяньні апазыцыі «раскачалі» ўсход і паўднёвы ўсход Украіны.

Адказваючы на пытаньне, ці будуць уведзеныя расейскія войскі ва Ўкраіну, Пуцін сказаў, што пакуль няма такой неабходнасьці, але такая магчымасьць застаецца.

Калі ўсходнія рэгіёны Ўкраіны зьвернуцца да нас з просьбай аб дапамозе, сказаў Пуцін, мы выкарыстаем усе магчымыя сродкі і захады, каб ім дапамагчы. Мы ўжо маем просьбу ад вайсковай дапамозе ад легітымнага прэзыдэнта.

Народ Украіны хацеў пераменаў, — сказаў Пуцін, — але нельга заахвочваць незаконныя, неканстытуцыйныя дзеяньні. «Гэтая рэвалюцыйная сытуацыя складвалася даўно — зь першых дзён незалежнасьці Ўкраіны, — перакананы Пуцін. — У прынцыпе народ вядома хацеў пераменаў, але нельга заахвочваць незаконныя перамены».

Пуцін упэўнены, што ўкраінскія і расейскія вайскоўцы будуць па адзін
бок барыкад, як гэта, паводле яго словаў, адбываецца ў Крыме.

Пуцін таксама заявіў, што вайсковыя базы ў Крыме блякуюць сілы крымскай самаабароны, а не расейцы. Адказваючы на заўвагі журналістаў, што «сілы самаабароны» у Крыме маюць відавочную прафэсійную падрыхтоўку, Пуцін прапанаваў зьвярнуць увагу на падрыхтоўку «баевікоў», якія дзейнічаюць у іншых частках Украіны.

«Іх рыхтавалі за мяжой, у Літве, Польшчы, на самой Украіне. Іх рыхтавалі інструктары на працягу доўгага часу, дзейнічаюць яны арганізавана, з добрай сувязьзю, працуюць як гадзіньнік, як спэцназ. Чаму вы думаеце, што ў Крыме павінна быць горш?»

У Януковіча няма палітычнай будучыні, Расея прыняла яго з гуманітарных меркаваньняў, — сказаў Пуцін.

Уладзімер Пуцін лічыць, што ў яго цяпер няма партнёраў для кантактаў на Украіне — да новых выбараў. «На найвышэйшым узроўні ў мяне няма партнэра, — падкрэсліў Пуцін. — Там няма прэзыдэнта і быць ня можа да ўсеагульных выбараў».

Што тычыцца ўладаў Крыму, то Пуцін лічыць іх цалкам легітымнымі.

Пуцін сказаў, што Расея не прызнае выбары прэзыдэнта Украіны ў траўні, калі яны будуць праходзіць пры «тэроры».

Пуцін таксама заявіў, што Захад цяпер просіць Расею не выдаваць Украіне чарговы транш абяцанага раней Януковічу крэдыту памерам 15 мільярдаў даляраў.

Тымчасам у інтэрнэце зьявілася відэа, дзе бачна, як па ўкраінскіх жаўнерах адкрываюць папераджальны агонь менавіта расейскія вайскоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG