Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў


Маскоўскі пісьменьнік Дзьмітры Быкаў бачыць дзіўнае супадзеньне: маскоўская алімпіяда 1980-га і акупацыя Афганістану, цяпер – Сочы і затым – Крым. Можна толькі дадаць: што першым разам было бразганьне зброяй, а потым гульня цягліцамі, цяпер наадварот.

Дзьмітры Быкаў вялікі аматар Крыму, ён любіць Гурзуф. Гадоў дваццаць запар рэгулярна прыяжджае туды, каб пісаць. Мы зь ім пазнаёміліся на старой гурзуфскай вулічцы. Ёсьць там такая, вядзе ў Артэк, захавалася дарэвалюцыйная забудова. Было ўжо цёмна, але я пазнаў яго па здымку і кажу сваім спадарожным: вось чалавек, які падобны да расейскага пісьменьніка Быкава. Па-беларуску кажу. А ён адказвае: а гэта я і ёсьць.

Мы стаялі каля драўлянага двухпавярховага дому татарскага выгляду. Я нядаўна прачытаў быкаўскі раман «Арфаграфія», назва была блізкая маёй душы: 1918 год і гэтая самая новая арфаграфія ў расейцаў (успомнім нашага Тарашкевіча). 686 старонак, салідна. І ён паказвае, што ў гэтым доме, каля якога мы стаім, на другім паверсе пісаў сваю «Арфаграфію».

Да слова: дзеяньне там адбываецца ў тым ліку і ў Крыме: Сімфэропалі, Гурзуфе, Ялце. Паўсюдна свая ўлада: татарская, бальшавіцкая, «атаманская», яшчэ нейкая. І ўлада пастаянна мяняецца. Адзін атаман, часова захапіўшы яе, пачынае разважаць пра «заваяваньне Турэччыны». Карацей, дзеяньне ў рамане чымсьці нагадвае сёньняшнія дні.

Аматар Крыму ня можа ня быць аматарам крымскіх напояў. На наступны дзень мы дамовіліся сустрэцца ў кавярні, у вулічнай. Ён з калегам піў мацнейшы алькаголь, а мне параіў дэсэртны херэс. Сапраўды, варты. Дэсэртныя крымскія віны любяць многія, хаця ёсьць і нядрэнныя сухія. А Быкаў, аказалася, аматар Караткевіча, чытаў. І пераказаў сьцісла «Дзікае паляваньне караля Стаха» свайму сыну, які быў зь ім.

Думка заехаць у Гурзуф папрацаваць і ў мяне тады ўзьнікла, але не ў сэзон чамусь цэны на жытло зусім ня падаюць, а з даездам цяжэй. Хоць ад такой думкі я зусім не адмаўляўся. Толькі што будзе з Крымам – вось пытаньне.

Дэпардзье


Калі ў Крыме нашчэнт памерзьлі вінаграднікі, прэзыдэнтам быў Юшчанка. Каб аднавіць лазу, патрэбныя былі немалыя грошы. Тады наведаўся да Юшчанкі вядомы актор Дэпардзье, які займаўся вінаградарствам на радзіме. Гаспадар запрасіў госьця ў сапраўдную хату-мазанку, дзе ручнікі, кашулі з арнамэнтам, галушкі, народныя напоі. Дэпардзье заманулася выкупіць частку крымскіх вінаграднікаў.

Прэзыдэнт Юшчанка вельмі рады быў знаёмству, выгаднаму, як задавалася, і прэстыжнаму. Тым больш, госьць пахваліўся, што мае сотні гектараў вінаграднікаў у васьмі краінах. Але француз аказаўся несур’ёзны. Толькі празь пяць гадоў, калі Юшчанку замяніў Януковіч, актор быццам бы набыў нешта каля Бахчысараю. Навіна тады абляцела ўсе газэты, радыё і тэлестанцыі. І толькі значна пазьней стала вядома, што Дэпардзье проста меў тэкст пра вінаграднік у Крыме ў рэклямным роліку, толькі і ўсяго.

Увогуле з Украінай чамусь ня выгарэла, палюбіў Расею-матухну француз. Але там таксама ёсьць вінаграднікі.

Пуцін


Ня маючы Крыму, Расея пры Пуціне разбудавала курорт у Сочы. Ня маючы славутага крымскага, пачала нядаўна рашуча разьвіваць вінаробства насупраць Крыму – на Таманскім паўвостраве, у былых мясьцінах грэцкай калёніі Фанагорыя (на раскопкі якой, як вядома, наведваўся прэзыдэнт Пуцін) і ў Краснадарскім краі агулам.

Фанагорская фішка – што гэта віно з адной паралелі з Бардо. Праўда, у адным сюжэце расейская журналістка сказала пра «адну паралель» з Шампаньню. Але на бутэльках гаворыцца менавіта пра Бардо. Словам, аматары віна, Фанагорыя – расейскае Бардо. Я дзеля цікавасьці набыў бутэльку кабэрнэ з «нумарнога рэзэрву», «абмежаванага тыражу». Бадай больш-менш неблагое, але – даволі рэдкае, я ж чакаў цёмнага густога.

Карацей кажучы, моцна не дацягваюць фанагарыйскія да крымскіх. Хаця імкнуцца пашыраць сваю «карту вінаў», робяць і «шампанскае», адзін з гатункаў называецца «Каварства і любоў». А пад рубрыкай «каньяк» прапануюць чамусьці чачу, пяцьдзесят градусаў.

Напэўна, апроч усяго іншага, у Пуціна і крымскія віны, «адарваныя ад Расеі», просяцца, каб ім аказалі дапамогу і «ўзялі пад абарону». Ад бандэраўцаў і нацыяналістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG