Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскіх лётчыкаў не пускаюць на авіябазу «Бельбек»


Расейскія вайскоўцы ў форме без апазнавальных знакаў блякавалі ўваход да авіяцыйнай часткі ў Бельбеку (Крым).

50 украінскіх вайскоўцаў у Бельбеку прыйшлі бяз зброі на аэрадром з патрабаваньнем пусьціць іх на пазыцыі. Расейцы сустрэлі іх стрэламі ў паветра, але потым пачаліся перамовы.

Камандзір Юры Мамчур адмовіўся здаць частку ваеннай тэхнічнай авіяцыі ў Бельбеку вайскоўцам без апазнавальных знакаў. Ён загадаў, каб частка ўкраінцаў са зброяй заставалася вартаваць у гарнізоне, а частка — пайшла на аэрадром.

Каля 50 салдат без узбраеньня каля 08:40 рушыла калёнай на аэрадром, які займаюць вайскоўцы без апазнавальных знакаў.

«Калі калёна падышла да ўваходу на аэрадром разам з прэсай, расейскія салдаты пачалі страляць у паветра. Затым выйшаў іх камандзір і правёў перамовы зь Юрыем Мамчуром. Прычым яны не прадстаўляюцца, нават званьня ня кажуць. Адзінае што вядома, — што камандзіра расейцаў клічуць Раман», — паведамляе «Українська правда».

Мамчур запатрабаваў, каб украінскім вайскоўцам дазволілі заняць свае працоўныя пазыцыі, і прапанаваў сумесна несьці ахову ваенных складоў на тэрыторыі аэрадрому.

«Расейцы пагадзіліся часткова — дазволілі вывесьці на пазыцыі тэхнічны нарад, каля 10 чалавек. Мамчур стэлефаноўваецца з камандзірам расейскага атраду і патрабуе выкананьня астатніх патрабаваньняў. Праграма-максымум — патрабуюць ад расейцаў пакінуць тэрыторыю часткі».

Расейцы кажуць, што камандаваньне дае загад аб адступленьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG