Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч пра Чуркіна: «Гэта неадукаванасьць і злосьць»


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Анэкдатычны выпадак здарыўся з амбасадарам Расеі ў Радзе Бясьпекі ААН Віталем Чуркіным. Выступаючы падчас паседжаньня Рады, Чуркін пераблытаў прозьвішчы «Шухевіч» і «Шушкевіч».

У інтэрпрэтацыі расейскага амбасадара «бясчынствы» на захадзе і ў цэнтры Ўкраіны зьяўляецца справай рук пасьлядоўнікаў «Бэндэры і Шушкевіча», якія падчас Другой сусьветнай вайны «пад гітлераўскімі сьцягамі» змагаліся «супраць Савецкага Саюзу і антыгітлераўскай кааліцыі».
«Вось гэта іх ідэолягі», — адзначыў Чуркін.

Станіслаў Шушкевіч першым даведаўся пра гэты выпадак ад Радыё Свабода:
«Што вы кажаце?! Ну, гэта цудоўна! Казёл! Ён ня ведаў нацыяналістаў украінцаў?!! Што вы кажаце?!

Я думаю, што гэта дэманструе так сказаць „адукаванасьць“ і злосьць. Не магу гэтага камэнтаваць. Што да гэтых расейскіх імпэршчыкаў, то яны ўсе аднолькавыя.

Я дзіўлюся, чаму такі недалёкі Януковіч. Ён жа мог абвясьціць датэрміновыя парлямэнцкія выбары і застаўся бы прэзыдэнтам. Але відавочна, што на яго быў магутны ціск, каб сытуацыя стала такой, што давяла б да расейскага ўмяшальніцтва. Магу толькі здагадвацца, што адбываецца. Ня мог ён быць такім дурнем, калі бачыў, што ўсё абвальваецца. Гэта расейскі сцэнар, які з рознымі збоямі рэалізуецца. Дай Бог, каб знайшліся сілы, якія абмежавалі б гэтае хамскае ўварваньне.

Беларусь нічога добрага не чакае. У Беларусі дыктатар, які так ужо дагаджае Расеі. Ён зьнікне ў той момант, калі Расея перастане яго падтрымліваць. Пры такой дурноце, якую мы дэманструем усяму сьвету, такой рэжым існаваць ня можа без падтрымкі. Гэта нейкае казачнае каралеўства. Толькі Расея ўтрымлівае нашага дыктатара».

Як вядома, правільнае вымаўленьне прозьвішча лідэра АУН — Бандэра, а кіраўніка УПА — Шухевіч. Тады як Шушкевіч — гэта былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі. Подпіс Станіслава Шушкевіча стаіць пад Белавескімі пагадненьнямі, якія замацавалі распад СССР.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG