Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея ў Радзе бясьпекі ААН засталася ў поўнай адзіноце


Віталь Чуркін

Віталь Чуркін

Прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін склікаў тэрміновае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, каб давесьці міжнароднай супольнасьці, што Крэмль папрасіў увесьці войскі ва Ўкраіну зьбеглы экс-прэзыдэнт Януковіч. Але ніхто з сябраў Рады бясьпекі не выказаў ніякай падтрымкі Расеі.

Тэрміновае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, скліканае па просьбе Расеі, адбылося пад знакам асуджэньня самой жа Расеі як агрэсара, які беспадстаўна ўварваўся на тэрыторыю сувэрэннай дзяржавы і адмаўляецца ісьці на канструктыўны дыялёг. Такую пазыцыю ў прыватнасьці падтрымалі прадстаўнікі ЗША і прысутных на паседжаньні краінаў Эўразьвязу. Спэцпрадстаўнік Украіны ў ААН абвясьціў, што Расея працягвае нарошчваць сваю прысутнасьць у Крыме і дзейнічае насуперак міжнароднаму праву. Тым часам расейскі бок сярод сваіх аргумэнтаў цытаваў ліст Януковіча, у якім той фактычна просіць Уладзімера Пуціна ўвесьці ва Ўкраіну войскі.

На паседжаньні Рады Бясьпекі ААН Расейская Фэдэрацыя настойвала на легітымнасьці сваіх дзеяньняў у Крыме, нелегітымнасьці новай улады ў Кіеве і нагадвала пра Віктара Януковіча, які, паводле прадстаўніка Расеі ў ААН Віталя Чуркіна, дагэтуль зьяўляецца «прэзыдэнтам Украіны». Сам Януковіч, сьцьвярджаў Чуркін, папрасіў Уладзімера Пуціна ўжыць ва Ўкраіне ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі — і прад’явіў копію звароту Януковіча ад 1 сакавіка, які, паводле расейскага амбасадара, стаў аргумэнтам для Савета Фдэрацыі ў рашэньні наконт ўводу войск.

«У краіне пануюць хаос і анархія. Жыцьцё, бясьпека і правы людзей, асабліва на паўднёвым усходзе, па пагрозай. Пад уплывам заходніх краінаў чыніцца адкрыты тэрор і гвалт. Людзей перасьледуюць па палітычных і моўных прынцыпах. З гэтай прычыны зьвяртаюся да прэзыдэнта Расеі з просьбай выкарыстаць узброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі для аднаўленьня законнасьці, міру, правапарадку, стабільнасьці і абароны насельніцтва Ўкраіны», — працытаваў Януковіча Віталь Чуркін.

Амбасадар Украіны ў ААН Юры Сяргееў нагадаў расейскаму калегу, што Віктар Януковіч, на якога ён спаслаўся, фактычна зьбег з краіны, тады як наўрад ці як гарант канстытуцыі ён меў бы права такое зрабіць. Украінскі дыплямат заявіў, што праблемы, на якія спасылаецца расейскі бок, матывуючы сваю вайсковую інтэрвэнцыю ў Крыме, — гэта выключна ўнутраныя справы, якія не вырашаюцца так, як гэта робіць Масква.

«Усе аргумэнты, якія Расея прыводзіць, у прыватнасьці — нібыта абарону расейскага насельніцтва, што мае апраўдаць расейскую інтэрвэнцыю ва Ўкраіне, — гэта пытаньні, якія зьяўляецца выключна ўнутранымі справамі Ўкраіны і мусяць вырашацца самімі грамадзянамі Ўкраіны, яе ўрадам, у адпаведнасьці з нашай Канстытуцыяй. Яны маюць роўныя правы і абавязкі, незалежна ад нацыянальнасьці і мовы», — зазначыў Сяргееў.

Ён таксама абверг крытыку Чуркіна на адрас украінскага Эўрамайдну, заявіўшы, што размова ідзе пра дэмакратычныя памкненьні, якія мелі выключна мірны характар да таго моманту, пакуль рэжым не ўжыў супраць дэманстрантаў сілу:

«Вы працягваеце называць тое, што адбылося ва Ўкраіне „дзяржаўным пераваротам“. У дэмакратычнага сьвету знайшлося б больш дакладнае азначэньне таму, што адбылося, — гэта была Рэвалюцыя Годнасьці», — паведаміў Юры Сяргееў.

Сяргееў выступаў па-ангельску, па-француску і па-расейску. Да расейскай мовы ён зьвяртаўся тады, адзначыў Сяргееў, каб яго найлепш «пачулі». Прадстаўнік Расеі Віталь Чуркін на такое жаданьне ўкраінскага калегі быць пачутым адрэагаваць па-свойму: ён заўважыў, што нарэшце Ўкраіна выступае ў Радзе Бясьпекі ААН па-расейску.

ЗША: «Чаму б Расеі не вывесьці войскі?»


Дзеяньні Расеі ў Крыме на паседжаньні фактычна ўхваліў толькі амбасадар Расеі, які ўвесь час настойваў на правамоцнасьці выкарыстаньня войск на тэрыторыі суседняй дзяржавы і нагадваючы, што Пуцін дагэтуль так і не скарыстаўся дадзеным яму Саветам Фэдэрацыі дазволам выкарыстоўваць ва Ўкраіне ўзброеныя сілы. Усе іншыя прысутныя на паседжаньні сябры Рады бясьпекі — ня толькі краіны Захаду, але і прадстаўнікі афрыканскіх краінаў і краінаў Блізкага Ўсходу — настойвалі на непрымальнасьці такіх дзеяньняў, вымагаючы неадкладнага вывядзеньня расейскіх вайскоўцаў з Крыма і пачатку канструктыўнага дыялёгу.

Прадстаўнік ЗША ў ААН Саманта Паўэр запытала ў расейскага калегі, які заяўляў пра жаданьне «мірна» вырашыць сытуацыю: чаму ў такім выпадку Крэмль не ідзе на наўпроставы дыялёг з Кіевам?

«Да Расеі цяпер вельмі простае пытаньне: чаму б ёй не падтрымаць міжнароднае пасярэдніцтва? Чаму б не пайсьці на кантакт з уладай Украіны, якая хоча вырашыць усё мірна? Урэшце чаму б не вывесьці войскі — замест таго, каб дасылаць туды новыя? Чаму не?» — перапытвала Саманта Паўэр.

«Той час, калі адна краіна магла прыдушыць дэмакратызацыю суседа шляхам вайсковай інтэрвэнцыі, матывуючы гэта падманнымі падставамі, — гэты час прайшоў», — зьвярнуўся да прысутных амбасадар Вялікай Брытаніі ў ААН Марк Грант. Ён зазначыў, што супраца Масквы з Кіевам мае адбывацца на адэкватным узроўні, і зьвярнуў ўвагу на немагчымасьць такога падыходу, у адпаведнасьці зь якім Расея «самавольна абірае асобаў, зь якімі яна хоча кантактаваць».

Краіны Захаду зазначылі, што вітаюць мірную пазыцыю Кіева ў крызыснай сытуацыі і гатовыя ўсяляк яго падтрымліваць. Яны таксама абвясьцілі, што ў адрозьненьне ад расейскага боку, прызнаюць новае кіраўніцтва дзяржавы і маюць намер шчыльна зь ім супрацоўнічаць.
XS
SM
MD
LG