Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прыпыняюць гандлёвую і вайсковую супрацу з Расеяй


ЗША прыпыняюць гандлёвыя і інвэстыцыйныя перамовы з Расеяй і ваенную супрацу з-за сытуацыі ва Ўкраіне.

Пра прыпыненьне супольных інвэстыцыйных праектаў гаворыцца ў афіцыйнай заяве Ўпраўленьня гандлёвага прадстаўніка ЗША.

«Мы прыпынілі будучую супрацу па двухбаковым гандлі і інвэстыцыйным ўзаемадзеяньні з урадам Расеі», — заявіў прэс-сакратар Упраўленьня гандлёвага прадстаўніка ЗША.

Акрамя гэтага, Пэнтагон таксама абвясьціў, што ЗША прыпыняюць вайсковую супрацу з Расеяй.

Так, прэс-сакратар Пэнтагону контар-адмірал Джон Кірбі заявіў, што амэрыканска-расейская ваенная супраца прыпыняецца. У прыватнасьці, гаворка ідзе аб сумесных ваенных вучэннях, візыты ў парты. У паведамленьні Кірбі гаворыцца і аб адмене двухбаковых перамоваў і плянаваньня канфэрэнцыяў.

Джон Кірбі заклікаў Расію пайсьці на дээскаляцыю крызісу ва Ўкраіне і вярнуць у месцы пастаяннай дысьлякацыі яе войскі, разьмешчаныя ва ўкраінскім Крыме, як гэта прадугледжана ўкраінска-расійскай дамовай аб часовым знаходжаньні яе Чарнаморскага флёту ва Ўкраіне.
У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША раней у панядзелак паведамлялася, што Вашынгтон ужо цяпер рыхтуе санкцыі супраць Масквы з-за яе агрэсіўных дзеяньняў, якія, хутчэй за ўсё, увядуць у бліжэйшы час.
XS
SM
MD
LG