Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увесьці войскі ва Ўкраіну Пуціна папрасіў Януковіч (УЖЫВУЮ)

ЗША прыпыняюць гандлёвыя і інвэстыцыйныя перамовы з Расеяй і ваенную супрацу з-за яе агрэсіўных дзеяньняў ва Ўкраіне.

Жывая трансьляцыя

05:29 4.3.2014

АБСЭ заклікае спыніць цэнзуру і не запалохваць журналістаў у Крыме


Прадстаўнік Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе па свабодзе сродкаў інфармацыі Дуня Міятавіч заклікала ў панядзелак спыніць запалохваньне журналістаў, якое адбываецца ў некаторых рэгіёнах Украіны.

Яна заклікала ўсіх датычных забясьпечыць бясьпеку журналістаў у Сымфэропалі, Данецку і Харкаве і спыніць умешвацца ў іх працу, гаворыцца ў заяве АБСЭ.

У гэтай заяве згадана, у прыватнасьці , аб паведамленьні аб зьняцьці з эфіру найбуйнейшай незалежнай тэлерадыёкампаніі Крыму, ТРК «Чарнаморская», пра заяву Савета міністраў Крыму з пагрозай спыніць рэтрансьляцыю шэрагу кіеўскіх тэлеканалаў або пра спробу захопу невядомымі ў ваеннай форме незалежнага Цэнтру прэсы і інфармацыі і Крымскага цэнтру журналісцкіх расьсьледаваньняў у Сымфэропалі.
04:40 4.3.2014

Польшча і Чэхія таксама адчуваюць небясьпеку расейскай інтэрвэнцыі


Польшча склікае паседжаньне Паўночнаатлянтычнай рады (НАТА), у якую ўваходзяць прадстаўнікі 28 краін альянсу.

Пра гэта паведамляе сайт НАТА.

Рада зьбярэцца 4 сакавіка. «Падзеі вакол Украіны ўяўляюць пагрозу для суседніх краін-чальцоў альянсу», – гаворыцца ў паведамленьні.

Тым часам МЗС Чэхіі заяўляе, што лепей не ўпускаць расіян на сваю тэрыторыю, каб у будучыні не дапусьціць вайсковага ўварваньня з Расеі. Пра гэта сказаў міністар замежных справаў Любамір Зааралэк.
02:52 4.3.2014

Украінцы галасуюць за НАТА


79,1% украінцаў лічаць, што Ўкраіна павінна тэрмінова падаць заяўку на ўступленьне ў НАТА, такія вынікі апытаньня, праведзенага парталам ТСН.ua, падае са спасылкай на Reuters агенцтва УНІАН.

Менш чым за суткі рэкордныя 32 тысячы асобаў адказалі на пытаньне: ці павінна Ўкраіна тэрмінова падаць заяўку на ўступленьне ў НАТА ў зьвязку з апошнімі падзеямі ў Крыме?

Абсалютная большасьць апытаных – 79,1% – прагаласавалі за. Каля 15% адказалі адмоўна, 6% выбралі варыянт «Мне ўсё адно».
02:36 4.3.2014

Чуркін: Вяртаць Януковіча да ўлады мы не зьбіраемся


Са словаў расейскага пастаяннага прадстаўніка пры ААН Віталя Чуркіна, лёс Віктара Януковіча «павінен вырашыць народ Украіны».

Масква ня лічыць сваёй задачай вяртаньне Віктара Януковіча да ўлады, але працягвае лічыць яго легітымным прэзыдэнтам Украіны, заявіў Чуркін.

«Нашай задачай не зьяўляецца Януковіча да ўлады вярнуць. Мы не разумеем ці што, што Януковіч да ўлады ня вернецца і ня будзе кіраваць дзяржавай?» – сказаў Чуркін на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН.
01:39 4.3.2014

Хадаркоўскі выступіў з заявай пра падзеі ва Ўкраіне


Былы кіраўнік нафтавай кампаніі ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі выступіў з заявай з нагоды апошніх падзей ва Ўкраіне.

Паводле яго, «у выніку некампэтэнтных дзеяньняў палітыкаў мы стаім на парозе ўдзелу ў грамадзянскай вайне ва Ўкраіне». «Гэта мноства трагедый, у тым ліку і для мільёнаў расейска-ўкраінскіх сем'яў, гэта вельмі цяжкія наступствы для нашай унутранай абстаноўкі і міжнароднага становішча краіны», – гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай у панядзелак прэс-цэнтрам Хадаркоўскага і Платона Лебедзева.

Хадаркоўскі заявіў аб сваёй гатоўнасьці «ў любы момант на запрашэньне любой адказнай грамадзкай сілы прыехаць у любую кропку Ўкраіны, каб дапамагчы не дапусьціць кровапраліцьця».

У канцы сьнежня Міхаіл Хадаркоўскі, асуджаны па абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах, быў памілаваны расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і празь некалькі гадзін пасьля выхаду на волю пакінуў Расею. Хадаркоўскі заявіў, што бачыць сябе ў якасьці грамадзкага дзеяча, але ў палітыку ісьці ня мае намеру.
01:22 4.3.2014

Шварцэнбэрг: Пуцін у Крыме як Гітлер у Чэхаславаччыне


Былы міністар замежных спраў Чэхіі і кандыдат у прэзыдэнты краіны Карэл Шварцэнбэрг

Вядомы чэскі палітык, у мінулым міністар замежных спраў Чэхіі, Карэл Шварцэнбэрг заявіў, што сваімі дзеяньнямі ў Крыме прэзыдэнт Пуцін паўтарае тое, што рабіў Адольф Гітлер у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ў канцы 1930-х.

У інтэрвію газэце «Остэрайх» у панядзелак ён адзначыў, што тое, што адбываецца ва Украіне – паўтарэньне гісторыі. «Пуцін дзейнічае па тым жа прынцыпе, што і Адольф Гітлер падчас ўварваньня ў Аўстрыю, Чэхаславаччыну і Польшчу ў 1938 і 1939 гадах», – адзначыў ён.

У суботу Пуцін запрасіў у Савету Фэдэрацыі Расеі дазволу накіраваць войскі для абароны этнічных расейцаў у Крыме і паўднёва-ўсходніх раёнах Украіны. Гітлер анэксаваў паўночныя і заходнія рэгіёны Чэхаславаччыны з нагоды абароны этнічнага нямецкага насельніцтва. Шварцэнбэрг быў міністрам замежных спраў Чэхіі з 2007 па 2009 год і з 2010 па 2013 год.
00:34 4.3.2014

Увесьці войскі ва Ўкраіну Пуціна папрасіў Януковіч


Сталы прадстаўнік РФ у ААН Віталь Чуркін працытаваў зварот Віктара Януковіча, які заяўляе аб сваёй легітымнасьці як кіраўніка дзяржавы, перадае РІА Навіны.

Прэзідэнт Расеі Ўладзімер Пуцін атрымаў ад Віктара Януковіча пісьмовую просьбу выкарыстаць расейскія ўзброеныя сілы для абароны насельніцтва Ўкраіны, заявіў Чуркін.

«Сёння я ўпаўнаважаны паведаміць таксама наступнае. Прэзыдэнтам Расеі атрыманы наступны зварот прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Я цытую: Заява прэзыдэнта Ўкраіны. Як законна абраны прэзыдэнт Украіны заяўляю: падзеі на Майдане, незаконны захоп улады ў Кіеве прывялі да таго, што Ўкраіна апынулася на парозе грамадзянскай вайны. У краіне пануюць хаос і анархія. Жыцьцё і бясьпека людзей, асабліва на паўднёвым усходзе і ў Крыме, пад пагрозай. Пад узьдзеяньнем заходніх краін ажыцьцяўляюцца адкрыты тэрор і гвалт. Людзі прасьледуюцца па палітычнай і моўнай прыкметах», – сказаў Чуркін.

«У сувязі з гэтым зьвяртаюся да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна з просьбай выкарыстаць узброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі для аднаўленьня законнасьці, міру, правапарадку, стабільнасьці, абароны насельніцтва Ўкраіны. Віктар Януковіч, 1 сакавіка 2014», – працытаваў зварот Януковіча Чуркін.
00:22 4.3.2014
У штабе Вайскова-марскіх сіл Украіны ў Севастопалі чакаюць штурму ў бліжэйшыя гадзіны.

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар сайту blacksea.news Андрэй Кліменка, каля штаба ВМС Украіны сабраліся «так званыя казакі», якіх прыкрывае расейскі спэцназ. На думку Кліменкі, ад пачатку штурму казакоў утрымлівае прысутнасьць вялікай колькасьці журналістаў і сваякоў украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў штабе ВМС.

Між тым, камандаваньне Чарнаморскага флёту Расеі абвяргае інфармацыю аб тым, што абвясьціла ультыматум украінскім вайскоўцам здацца да 5 гадзін раніцы аўторка.
XS
SM
MD
LG