Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наступны этап — далучэньне Крыму да Расеі»


Расейскія вайскоўцы захапілі большасьць стратэгічных вайсковых аб'ектаў Крыму. У адміністрацыйнай сталіцы Крыму, Сімфэропалі, знаходзіцца карэспандэнт нашага радыё, прадстаўнік татарскай меншасьці Дзілявер Асманаў.

Радыё Свабода: Чыя цяпер улада ў горадзе?

Асманаў: Цяжка сказаць, чыя ўлада ў горадзе. Бо ўлада, якая прайшла пад дуламі аўтаматаў, была абраная Вярхоўным Саветам, як сьцьвярджаюць, без наяўнасьці кворуму. Прэм'ер Аксёнаў заявіў, што падпарадкоўвае сабе ўсе сілавыя структуры ў Крыме, ён працуе ў цеснай сувязі з Чарнаморскім флётам Расейскай Фэдэрацыі. Але рэальна Саўмін Крыму ў ранейшым штатным рэжыме не працуе.

Радыё Свабода: Хто патрулюе вуліцы?

Асманаў: Учора было вельмі шмат людзей з павязкамі "Народны дружыньнік АР Крым", яны называюць сябе прадстаўнікамі партыі "Рускае адзінства", гэтай партыяй кіруе сам Аксёнаў. З другога боку, прадстаўніком "Рускага блёку" назваўся Алег Радзівілаў, яны нібыта зьбіраюць адзеньне, харчаваньне для тых, хто ўдзельнічае ў арганізацыі аховы нейкіх аб'ектаў. На пытаньне: "А навошта тады патрэбная міліцыя?", -- яны адказваюць, што міліцыі недастаткова. Асноўны тэзіс сёньня ў Крыме -- што з захаду прыедуць "фашысты", пачнуць рэзаць і забіваць.

Радыё Свабода: Ці заўважаная мабілізацыя?

Асманаў: Ва ўсялякім разе, мы яе не заўважылі. Нейкага такога асаблівага жаданьня мабілізавацца ў войска я не заўважыў.

Радыё Свабода: Як захоўваюцца крымскія татары ў гэтым супрацьстаяньні?

Асманаў: Супрацьстаяньня няма. Крымскія татары займаюць вельмі ўзважаную пазыцыю, як заўсёды. Аксёнаў і Канстанцінаў і іх прыхільнікі, патрабуючы пашырэньня паўнамоцтваў Крыму, маюць іншую мэту. Так, сёньня яны патрабуюць пашырэньня паўнамоцтваў Крыму. Але наступны этап -- далучэньне Крыму да Расеі, гэта адназначна. Калі б яны казалі толькі пра пашырэньне эканамічных паўнамоцтваў, гэта адна справа. А тут -- зусім іншае.

Радыё Свабода: Ці застаецца ў сіле рашэньне пра рэфэрэндум у Крыме?

Асманаў: Яно застаецца ў сіле з пункту гледжаньня крымскага кіраўніцтва. З пункту гледжаньня ўкраінскага заканадаўства усе рашэньні, прынятыя Вярхоўнай Радай Крыму, якія супярэчаць Канстытуцыі Ўкраіны, лічацца незаконнымі. І па іх пракуратура ўжо ўзбудзіла справу.
XS
SM
MD
LG