Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці праводзяць афіцыйныя ўлады ў апошні шлях народнага паэта?


Рыгор Барадулін, 2005 год
Рыгор Барадулін, 2005 год
У апошнія гады афіцыйныя ўлады ня вельмі шанавалі сваіх народных паэтаў, якіх да апошняга часу было ўсяго толькі два. Альбо проста рабілі выгляд, што іх не заўважаюць. Не было нават віншаваньняў, хоць бы проста дзеля ветлівасьці, на юбілеі: ні на 80-годзьдзе Ніла Гілевіча, ні на 75-годзьдзе Рыгора Барадуліна. Ці будуць удзельнічаць улады ў пахаваньні, ці праводзяць у апошні шлях народнага паэта Рыгора Барадуліна?

Рыгор Барадулін быў ганаровым жыхаром Ушачаў, і менавіта там яго пахаваюць — побач з маці. Ушацкія раённыя ўлады кантактуюць зь сям’ёй нябожчыка, дапамагаюць у арганізацыі пахаваньня, апавяла намесьніца старшыні райвыканкаму Натальля Марковіч. Далучыліся і віцебскія абласныя ўлады. Распавядае начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Кліцуноў:

«Канечне, вельмі сумная падзея, што тут казаць... Арганізуюць пахаваньне, наколькі я ведаю, па дамоўленасьці з роднымі і сваякамі, менавіта ўшацкія раённыя ўлады. Ён — ганаровы грамадзянін Ушачаў. Натуральна, будзе дэлегацыя і ад Віцебскага аблвыканкаму. Наколькі я ведаю, нейкіх складанасьцяў, праблемаў па пахаваньні пакуль няма. Усе дамоўленасьці, якія былі дасягнутыя з роднымі, выконваюцца».

У Міністэрстве культуры сакратарка чамусьці параіла зьвярнуцца ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі ці ў Міністэрства інфармацыі:

«Мы ж не выдаём нічога. У нас няма пакуль такой інфармацыі. Ведаем, што ў аўторак пахаваньне, але іншай ніякай інфармацыі няма. Я вам магу даць тэлефон Саюзу пісьменьнікаў, запытайцеся ў іх, яны вам падкажуць...»

Намесьнік старшыні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Георгі Марчук пацьвердзіў Радыё Свабода, што сябры СПБ прыйдуць на пахаваньне сябра іншага творчага саюзу — Беларускага саюзу пісьменьнікаў:
Саюз пісьменьнікаў будзе ўдзельнічаць у пахаваньні, як паложана. Будзе вянок, нешта яшчэ

«Саюз пісьменьнікаў будзе ўдзельнічаць у пахаваньні, як паложана. Будзе вянок, нешта яшчэ».

Супрацоўніца Міністэрства інфармацыі, да якой удалося датэлефанавацца і якая прасіла не называць імя, апавяла, як некалі працавала з Барадуліным у выдавецтве, як разам езьдзілі «на бульбу», які сьветлы ён быў чалавек:

«Дзякуй Богу, мы нядаўна адну кніжку яго выдалі, выдавецтва „Мастацкая літаратура“. Другую, на жаль, не пасьпелі... Савет Міністраў нас нэкралёг напісаць папрасіў. Напісалі добры, цёплы нэкралёг. А вось наконт кіраўніцтва я не магу нічога адказаць».

«Мастацкая літаратура» летась выдала кнігу Рыгора Барадуліна «Сябрына» — у новай сэрыі «Нашым дзеткам». На гэты год заплянаваны выхад яшчэ адной кнігі Рыгора Барадуліна — у сэрыі «Паэзія ХХ стагодзьдзя», апавёў галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп:

«У нас Рыгор Барадулін працаваў амаль 30 гадоў. Наш народны паэт, як гэта не пайсьці разьвітацца? Рыгор Барадулін у мяне быў яшчэ і настаўнікам. Калі я прыйшоў працаваць у выдавецтва ў 1979 годзе, мне сказалі: „Ідзі да Барадуліна, пакажы яму вершы“. Памятаю, як насіў яму свае вершы ў школьных сшытачках за дзьве капейкі... Некалькі маіх вершаў былі заплянаваныя ў калектыўным зборніку на 1981 год, але дзядзька Рыгор сказаў: „Не, цябе трэба асобна выдаваць, вершы харошыя“. А вось у 1983 годзе выйшла мая кніжка „Гронка сьвятла“. У гэтай гронцы ёсьць і сьвятло Рыгора Барадуліна. Заўсёды ўдзячны яму...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG