Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ураду Крыму «быў звычайным брыгадзірам у крымінальнай групоўцы». Пра гэта распавёў Расейскай службе нашага радыё дэпутат украінскага парлямэнту.

З просьбай аб дапамозе «ў забесьпячэньні міру і спакою» ў Крыме да Ўладзімера Пуціна зьвярнуўся Сяргей Аксёнаў, абраны прэм’ер-міністрам Крыму 27 лютага. Яго абраньне адбывалася пры адсутнасьці кворуму (у залі было ўсяго 47 дэпутатаў), без прысутнасьці прэсы, затое ў атачэньні ўзброеных людзей, якія захапілі Вярхоўную Раду Крыму. «Там ўзбраеньня на цэлы батальён і на месяц абароны» — распавядаў прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны ў Крыме Сяргей Куніцын.

У Сяргея Аксёнава, лідэра партыі «Рускае адзінства», якая набрала на выбарах у Вярхоўны Савет Крыму 4% галасоў, цікавая біяграфія.

Пра Аксёнава і старшыню Вярхоўнага савету Крыму Ўладзімера Канстанцінава Радыё Свабода распавёў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны крымчанін Андрэй Сенчанка.

Сенчанка: Уладзімера Канстанцінава я ведаю гадоў 25, ён заўсёды займаўся толькі бізнэсам, ніякага дачыненьня да палітыкі ня меў. Бізнэс у яго вельмі спэцыфічны — гэта, па сутнасьці, будаўнічая піраміда пад зборнай назвай «Кансоль». Гэтая фірма вядомая ў Крыме тым, што тысячы крымчан да гэтага часу чакаюць кватэры, за якія яны заплацілі грошы і якія павінны былі атрымаць паць-сем-восем гадоў таму. Гэта фірма ашуканскім шляхам атрымлівала вельмі буйныя крэдыты, у тым ліку ў расейскіх банках: Ашчадбанку, ВТБ, " Проминвесте " і гэтак далей. Чаму ашуканскім шляхам? Таму што, напрыклад, у пабудаваным на паўднёвым беразе Крыму вялікім жылым комплексе яны цалкам прадалі ўсё апартамэнты, а потым памянялі нумар дому і заклалі яго ў банку пад крэдыт.

Уладзімер Канстанцінаў

Уладзімер Канстанцінаў

У Канстанцінава жахлівае матэрыяльнае становішча, ён банкрут і велізарныя грошы вінны банкам. Ёсьць крымінальныя справы. Каб пазьбегнуць адказнасьці, спадар Канстанцінаў за чарговыя крэдытныя грошы пачаў фінансаваць Партыю рэгіёнаў у Крыме і такім чынам стаў сьпікерам крымскага парлямэнту. То бок, гэта была форма сыходу ад крымінальнай адказнасьці за эканамічныя злачынствы.

Пару месяцаў таму Канстанцінаў пачаў актыўна езьдзіць у Маскву. І пасьля адной з такіх паездак ён выклікаў кіраўніка юрслужбы Вярхоўнай Рады Крыму і папрасіў зрабіць падборку дакумэнтаў па акце 1954 году аб далучэньні Крыму да Ўкраіны — гэта пытаньні, якімі ён у жыцьці ніколі не цікавіўся. Рэзка зьмяніліся паводзіны Канстанцінава, ён стаў паводзіць сябе вельмі агрэсіўна, адчуваў падтрымку за сьпінай. Таму відавочна, што сцэнар, які цяпер рэалізуецца, рыхтаваўся некалькі месяцаў і, безумоўна, рыхтаваўся ў Маскве. То бок гэта не спантанная рэакцыя крымчан на нейкія падзеі.

Спадар Аксёнаў ў сярэдзіне 90-х гадоў быў звычайным брыгадзірам у арганізаванай злачыннай групоўцы, ён быў вядомы ў Крыме ў крымінальных колах і міліцыі пад мянушкай «Гоблін». Чалавек, які трох слоў зьвязаць ня можа. З пэўнага моманту ён таксама заняўся палітыкай, я б паставіў кропкай адліку 2009 год, ён узначаліў структуру «Рускае адзінства», ізноў-такі пасьля некалькіх паездак і кансультацый у Маскве. Менавіта таму гэтай парачцы даручылі адлюстроўваць новую ўладу ў Крыме.

РС: Многія цяпер параўноўваюць сытуацыю ў Крыме з вайной у Абхазіі. Ці ёсьць рацыя ў гэтай аналёгіі?

Сенчанка: Пакуль, дзякуй Богу, не, але тэндэнцыя такая. Наколькі я разумею, для тых, хто стаіць за сьпінай Канстанцінава і Аксёнава, гэты варыянт цалкам прымальны.

РС: Акрамя ўсяго іншага будуць сьпісаныя эканамічныя грахі, пра якія вы казалі.

Сенчанка: Гэта тычыцца канкрэтна гэтых двух пэрсанажаў, пры тым што за Канстанцінавым эканамічныя грахі, а за Аксёнавым проста трупы.


Цалкам інтэрвію можна прачытаць ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG