Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін хацеў, каб яго пахавалі побач з маці


Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

Ягоная апошняя воля будзе выканана. 4 сакавіка народнага паэта Беларусі пахаваюць на старых могілках у Вушачах, побач з маці, Акулінай Андрэеўнай Барадулінай.

Рыгор Барадулін пры жыцьці ня раз казаў, што хоча, каб месцам яго апошняга спачыну стала малая радзіма. Ён нарадзіўся на Вушаччыне, на хутары Верасоўка, а калі ў 1939 годзе хутары пачалі зносіць, сям’я перабралася ў Вушачы.

Бацька Рыгора Іванавіча загінуў у 1944 годзе, калі ў часе Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах. А маці, Акуліна Андрэеўна, на ўсё жыцьцё засталася для паэта ўзорам дабрыні, шчырасьці і жыцьцёвай мудрасьці. Сваёй маці ён прысьвяціў нямала вершаў, а ва ўспамінах пісаў: «Пра маму можна гаварыць доўга. Мама мая была выключным чалавекам, карэннай крывічанкай. Дзякуючы ёй я вырас натуральным беларусам. Яна выдатна ведала беларускія песьні, казкі і нашу крывіцкую, вушацкую мову. Мама дала мне і жыцьцё, і лёс. Як і кожны чалавек, я не ўяўляю сябе бяз мамы. Калі б не яна, нічога зь мяне не атрымалася б... Мае ўспаміны: на хутары заходзіць сонца, а мама расказвае нейкую страшную казку, і мне неяк жудасна і трывожна. І, зразумела, першыя ўспаміны — гэта маміны вочы, маміны словы, мамін голас».

Пакінуўшы гэты сьвет, Акуліна Андрэеўна Барадуліна ўжо шмат гадоў спачывае на старых вушацкіх могілках. Месца яе пахаваньня ведаюць многія, апавядае Кастусь Сырэль, жыхар Вушачаў:

«Гэта старыя вушацкія могілкі, на выезьдзе з Вушачаў у бок Докшыцаў, у канцы Акцябрскай вуліцы. На іх ужо амаль не хаваюць, і там у глыбіні могілак — магілка маці Барадуліна. Ёсьць там помнік, а на ім — бадай што адзіны на могілках надпіс па-беларуску. Кароткая эпітафія, ніякага там „помню, люблю“, нічога такога няма. Проста напісана „Мама“ і прозьвішча ды імя. Ёсьць агароджа, і ёсьць месца ў агароджы. А ўвогуле гэта самае, пэўна, высокае месца на могілках. Дужа прыгожыя могілкі. Там сосны стаяць, старыя, векавыя, і пташкі сьпяваюць увесну».

Рыгор Барадулін заўжды імкнуўся захаваць повязь з роднай Вушаччынай, збудаваў хату на месцы старой мамінай, дзе гадаваўся, хоць часта бываць там і не даводзілася, працягвае спадар Сырэль:

«Ёсьць гэты дамок, гэта недалёка ад школы, я там хаджу часта. Цагляны такі звычайны дамок. Але ніколі я там нікога ня бачыў, і зь дзядзькам Рыгорам ніводнага разу не пашчасьціла там сустрэцца. І ёсьць людзі з прозьвішчам Барадулін у Вушачах, але я ня ведаю, сваякі яны ці не. Можа, і не сваякі».

На працягу ўсяго свайго жыцьця Рыгор Барадулін зьбіраў узоры вушацкай гаворкі — словы, выразы, пачутыя ад маці, сваякоў і землякоў, а таксама прыказкі і прымаўкі, звычаі, замовы, стравы, прыпеўкі. Усё гэта ўвайшло ў кнігу «Вушацкі словазбор». А ўвесь плён літаратурнай працы Барадуліна — гэта каля сотні выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Ён ляўрэат шматлікіх прэміяў і апошні беларус, якому надалі званьне народнага паэта — гэта адбылося ў 1992 годзе. Рыгор Барадулін — ганаровы грамадзянін Вушацкага раёну.

Загадчыца аддзелу культуры Вушацкага райвыканкаму Натальля Марковіч кажа, што мясцовыя ўлады гатовыя дапамагаць у арганізацыі пахаваньня славутага земляка:

«Канечне, мы рыхтуемся — могілкі рыхтуем, дапамогу аказваем. І будзе мітынг разьвітальны, канечне, канечне».
Многія хацелі б паехаць, але ні аўтобуса, ні маршруткі ў Вушачы да абеду няма. Дамаўляемся з транспартам

Прыехаць у Вушачы, каб праводзіць Рыгора Барадуліна ў апошні шлях, зьбіраюцца прыхільнікі ягонай творчасьці і зь Менску, і зь Віцебску. Менавіта Віцебшчына падаравала ўсёй Беларусі двух найслаўнейшых літаратараў — Быкава і Барадуліна. Рыгор Барадулін ня раз казаў пра свайго старэйшага сябра: «У мяне ёсьць Бог, мама і Быкаў. Яны былі і па-ранейшаму застаюцца ў маім жыцьці». Шмат разоў Барадулін прыяжджаў у вёску Бычкі, на малую радзіму Васіля Быкава, згадваў, як разьвітваліся зь ім на Маскоўскіх могілках у Менску. А цяпер для кожнага беларуса стануць сьвятой мясьцінай старыя могілкі ў Вушачах, кажа старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы Ёсіф Навумчык:

«Многія хацелі б паехаць, але ні аўтобуса, ні маршруткі ў Вушачы да абеду няма. Дамаўляемся з транспартам. Паедзем і мы, і нашы літаратары. Для нас і для большасьці беларусаў гэта выключны чалавек, наш зямляк, а таксама выбітны грамадзкі дзяяч. Ягоны ўнёсак у незалежнасьць Беларусі і ў яе сёньняшні дзень цяжка пераацаніць. І пасьля Васіля Быкава, які адышоў у лепшы сьвет раней і 90-я ўгодкі якога мы будзем адзначаць сёлета — гэта твар нашай Беларусі, твар нашай беларускай літаратуры».

Разьвітацца з даўнім сябрам прыедзе і сястра Васіля Быкава. Валянціна Ўладзіміраўна жыве ў вёсцы Ваўчо, за 2 кілямэтры ад Вушачаў. Рыгор Барадулін, бываючы тут, заўсёды заходзіў да яе, кажа спадарыня Валянціна:

«Няма ўжо Рыгоркі! Як родны быў мне. І такі харошы, руку пацалуе, і заўжды казаў, каб пахавалі яго каля маці. Як я яшчэ магла хадзіць, а ён сюды прыяжджаў, дык завёў мяне на могілкі, паказаў, дзе маці пахаваная. І Васілю казаў, што хоча, каб пахавалі яго на роднай зямлі, у Вушачы. Гэтак ён любіў сваю Вушаччыну, гэтак па ёй сумаваў! Сёлета не прыяжджаў, і пазалетась ня быў. А па тэлефоне ўсё казаў: „Можа, прыеду“. Гэтак яму хацелася! Але ўжо ня мог, гэтыя гады ўжо ня мог езьдзіць. А так хацелася, усё ўспамінаў сваю Вушачу!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG