Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Беларусі ня робіць ніякіх афіцыйных заяваў наконт расейскай агрэсіі супраць Украіны. Такую пазыцыю праўладныя палітолягі называюць «правільнай і ўзважанай». Афіцыйныя СМІ тым часам спрабуюць пераканаць беларусаў у шкодных наступствах грамадзкіх пратэстаў.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Віталь Бусько на маю просьбу пракамэнтаваць украінска-расейскую сытуацыю адказаў:

«Мы якраз скончылі размову на гэтую тэму. Тут і старшыня нашай камісіі, і некалькі сябраў. Разам вырашылі — пакуль устрымацца ад любых камэнтароў».

«У дадзенай сытуацыі беларускаму кіраўніцтву сапраўды лепш не сьпяшацца з заявамі, а паспрабаваць падвесьці Ўкраіну і Расею да замірэньня», — сказаў Свабодзе кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру ЕcooМ Сяргей Мусіенка:

«Маё цьвёрдае перакананьне, што так і трэба сябе паводзіць. Трэба працаваць на тое, што будзе злучаць. Я не хачу ўжываць, як некаторыя, тэрмін „бакі канфлікту“, бо гэта вельмі складанае пытаньне. Тут няма „бакоў“. Тут ёсьць народы. І таму іх трэба злучаць і вырашаць гэтае пытаньне.

Пазыцыя Беларусі тут павінна быць надзвычай вывераная. Бо і з аднаго боку, і з другога — нашы суседзі, нашы брацкія людзі. А да суседа нельга паварочвацца сьпінаю».

«Беларусь ня можа стаць на чыйсьці бок», — працягвае Сяргей Мусіенка:

«Тут правых і вінаватых няма. Тут ёсьць толькі сілы, якія хочуць, каб унутры Ўкраіны працягвалася напружанасьць, каб славяне рэзалі адзін аднаго. Такіх сіл дастаткова. І таму трэба рабіць усё, каб ня даць ім задавальненьня ў гэтым працэсе.

Узважаная пазыцыя Беларусі кажа пра тое, што мы можам быць пасярэднікамі аднаго з бакоў у гэтым працэсе, каб яго згладзіць і нармалізаваць. Мы можам аказваць дыпляматычныя высілкі. І наагул трэба разумець — для нас гэта балюча па-сапраўднаму. І нам нельга ў гэтым канфлікце займаць чыйсьці бок».

Дзяржаўныя беларускія тэлеканалы шмат расказваюць пра падзеі ва Ўкраіне. Яны апраўдваюць увод расейскіх войскаў, але найбольш стараюцца даказаць шкоднасьць пратэстаў. Так, тэлеканал СТВ прыпісвае актывістам Майдану «ўльтраправыя настроі і нэафашысцкія погляды». Сьцьвярджаецца, што «радыкалы ўцягваюць у вайну ўсё новыя і новыя рэгіёны».

У перадачы паказалі, як людзі на менскіх вуліцах адказвалі на пытаньні пра Ўкраіну з рыторыкай «абы не было вайны, хочацца міру ва ўсім сьвеце».
Я сам ня веру, што Расея можа ваяваць з Украінай. Гэта вар’яцтва

Тэлеканал АНТ у праграме «Контуры» шмат увагі аддаў эканамічнаму краху, які нібыта чакае Ўкраіну. Цяпер жа ва Ўкраіне — анархія. «Узброеныя людзі могуць ня толькі рабаваць крамы, але і ўрывацца ў дамы людзей, пагражаючы ім расправай, забіраюць, што пажадаюць», — прагучала ў відэасюжэце.

Госьцем праграмы выступіў праўладны палітоляг Вадзім Гігін, які так пракамэнтаваў сытуацыю:

«Я сам ня веру, што Расея можа ваяваць з Украінай. Гэта вар’яцтва. Мы як быццам знаходзімся ў іншым вымярэньні. Украіна абвяшчае мабілізацыю супраць Расеі. Гэта хто давёў гэтыя краіны да такой сытуацыі?

Насамрэч мне здаецца, што ўзважаная пазыцыя беларускага кіраўніцтва, якое цяпер ня робіць рэзкіх заяваў, найбольш прымальная. Асабліва ўлічваючы тое, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца саюзьнікам Расейскай Фэдэрацыі. І крый Божа ўмешвацца туды розным заходнім сілам. Я перакананы, што Расея і Ўкраіна дамовяцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG