Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША разглядаюць усе варыянты рэакцыі на расейскую агрэсію ва Ўкраіне


Джон Керы.

Джон Керы.

Ад эканамічных санкцый да вайсковых дзеяньняў.

Злучаныя Штаты Амэрыкі заявілі пра магчымыя эканамічныя санкцыі і ваенныя дзеяньні ў дачыненьні да Расейскай Фэдэрацыі за ўвядзеньне войскаў ва Ўкраіну.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў інтэрвію тэлеканалу ABC заявіў, што «ўсе варыянты на стале», калі справа дойдзе да крокаў, якія могуць распачаць ЗША, каб прыцягнуць Расею да адказнасьці за ўвядзеньне войскаў ва Ўкраіну, сярод іх будуць эканамічныя санкцыі і патэнцыйныя ваенныя дзеяньні.

Кэры заявіў, што ўваходжаньне расейскіх войскаў ва ўкраінскі рэгіён Крым расцэньваецца як «акт ваеннай агрэсіі», і што ЗША будуць дзейнічаць хутка, каб увесьці санкцыі, калі прэзыдэнт Расеі Пуцін ня выведзе войскі.

У той час як прэзыдэнт ЗША Барак Абама разглядае вайсковую сілу як адзін з варыянтаў, Кэры заявіў, што ЗША і іх саюзьнікі спадзяюцца, што яны змогуць пазьбегнуць такіх дзеяньняў:

«ЗША і ўвесь сьвет спадзяюцца, што ўсё гэта не перарасьце ў ваеннае супрацьстаяньне». Хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час будуць укаранёны эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да юрыдычных і фізычных асоб, сказаў Кэры. Паводле яго слоў, ЗША «цалкам» гатовыя ўкараніць такія санкцыі, і Кангрэс павінен прыступіць да працы над імі разам з пакетам дапамогі для Ўкраіны:

«Мы сабралі Кангрэс неадкладна, каб яны былі гатовыя дапамагчы скласьці эканамічны пакет дапамогі Украіне», — сказаў ён. Кэры таксама дадаў, што ёсьць «вялікая верагоднасьць» таго, што ЗША будуць байкатаваць саміт «Вялікай васьмёркі» які плянуецца правесьці ў чэрвені ў Сочы.

Кэры адзначыў, што ўварваньне Расеі ў Крым паўплывае на яе пазыцыі сярод іншых найбольшых эканомік сьвету. «Гэта акт 19-га стагодзьдзя ў 21-м стагодзьдзі, і гэта сапраўды ставіць пытаньне аб здольнасьці Расеі быць у G8», — сказаў Дзяржсакратар ЗША. 1 сакавіка Савет Фэдэрацыі Расеі адзінагалосна прыняў прапанову Ўладзімера Пуціна аб увядзеньні расейскіх войскаў ва Ўкраіну. Пры гэтым з 27 лютага расейскія ўзброеныя фармаваньні без апазнавальных знакаў блякуюць і захопліваюць ваенныя і дзяржаўныя аб’екты ў Крыме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG