Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: «Патрэбныя вайсковыя дзеяньні з боку Кіеву»


Палітоляг Юры Чавусаў камэнтуе расейска-украінскі канфлікт вакол Крыму.

«Мы бачым, што Расея ажыцьцяўляе ва Ўкраіне паўзучую акупацыю. Гэта выяўляецца ў стварэньні марыянэткавага кіраўніцтва Крыму на чале зь Сяргеем Аксёнавым і ў вайсковым захопе Крыму. Зараз гэтая акупацыя будзе распаўсюджвацца з Крымскага паўвострава на Ўсходнія рэгіёны Ўкраіны, таму што няма жорсткай рэакцыі афіцыйнага Кіеву», — кажа Чавусаў.

«Такая сытуацыя знаёмая для ўсіх новых рэвалюцыйных рэжымаў, калі іншыя дзяржавы імкнуцца захапіць уплыў на іх тэрыторыі, пакуль новае кіраўніцтва ня робіць рашучых захадаў. Таму зараз неабходная кансалідацыя новай украінскай улады, а таксама пэўныя крокі зь яе боку. Прычым гэымі крокамі павінныя быць не палітычныя заявы, а канкрэтныя вайсковыя дзеяньні, такія як мабілізацыя, вывад узбраеньня, перамяшчэньне войска ў зоны канфлікту. Але не баявыя дзеяньні», — адзначае палітоляг.

«Прагноз будзе залежаць ад вялікіх дзяржаў, якія ў межах Будапештскага мэмарандуму маюць перад Украінай палітычныя абавязальніцтвы. Хаця відавочна, што для Вашынгтону і Лёндану — гэты канфлікт нечаканы, і яны не хацелі б умешвацца ў яго. Да таго ж у сытуацыі, калі Крым ня хочуць бараніць самі ўкраінскія ўлады, цяжка чакаць на падтрымку з боку іншых краінаў. Таму вынік будзе залежаць ад рашучасьці новага рэжыму ў Кіеве. Зараз мы чытаем навіны пра тое, што Расея абяззбройвае ўкраінскія войскі ў Феадосіі. Калі бязьдзейнасьць новай укранскай улады працягнецца, мы будзем чытаць навіны пра тое самае, толькі пра кантынэнтальныя рэгіёны Ўкраіны. У доўгатэрміновай пэрспэктыве Расея імкнецца да стварэньня ачага напружанасьці ў Крыме, які ня дасьць магчымасьці Ўкраіне інтэгравацца ў Эўразьвяз. Мы ўжо бачылі гэта з Абхазіяй і Прыднястроўем», — дзеліцца сваімі прагнозамі Чавусаў.

Гаворачы пра пазыцыю афіцыйнага Менску, палітоляг падкрэсьлівае: «Беларускія ўлады апынуліся ў складанай сытуацыі. Тыя абавязкі, якія накладае сяброўства ў АДКБ, вымагалі б вайсковай падтрымкі Расеі з боку Беларусі. Але афіцыйна Расея вайну не абвяшчала. Зараз з боку Расеі гучаць заявы пра абарону расейскага насельніцтва, таму пакуль пра мабілізацыю беларускіх войскаў гаворка не вядзецца. Разам з тым, сытуацыя можа памяняцца пры абвяшчэньні вайны. Але пакуль беларускі бок будзе дэ-факта захоўваць нэўтралітэт, робячы, тым ня менш, некаторыя захады, напрыклад, узмацненьне кантролю на межах з Расеяй і Ўкраінай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG