Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія практычныя захады могуць ужыць Вашынгтон і яго эўрапейскія саюзнікі? Экспэрты лічаць, што выбар невялікі.

Вось што кажа былы амбасадар ЗША на Ўкраіне Стывен Пайфэр:

— Існуюць абмежаванні, у рамках якіх будзе дзейнічаць Захад. Ніхто не пачне вайну з Расеяй з-за Крыму. Гэта разумеюць і ў Маскве, і ў Кіеве. Тым ня менш, на мой погляд, заходнія сталіцы павінны без прамаруджаньня даць зразумець Расеі, што вынікам яе дзеяньняў стануць адчувальныя эканамічныя і палітычныя наступствы. Перш за ўсё, я думаю, неабходна перайсьці ад размоваў аб магчымай адмене саміту «Вялікай васьмёркі» ў Сочы да размоваў аб вяртаньні да «Вялікай сямёркі». Можна заблякаваць спробы ўступленьня Расеі ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, мне здаецца, што цяпер няма сэнсу заключаць двухбаковае амэрыкана -расейскае гандлёвае пагадненьне. Далей, мае сэнс падумаць аб пашырэньні «Спісу Магніцкага». Я зусім ня ўпэўнены ў тым, што ажыцьцяўленьне ўсіх гэтых мер прымусіць Пуціна адмовіцца ад сваіх украінскіх плянаў. Але разам зь іншымі мерамі яны будуць адчувальныя для Расеі, а самае галоўнае, Масква павінна зразумець, што зь ёй ня будуць весьці справы па-ранейшаму, — кажа супрацоўнік Брукінгскага інстытуту Стывен Пайфэр .

Эндру Вайс, былы супрацоўнік Рады нацыянальнай бясьпекі пры прэзыдэнце Бушы-старэйшым і Клінтане, кажа пра цяжкасьці, спалучаныя з выбарам дакладнага адказу на расейскі дэмарш:

— Тое, чаму мы сталі сьведкамі сёньня, магчыма , самы драматычны момант з часу завяршэньня халоднай вайны. Сытуацыя вельмі небясьпечная, зьменлівая, і Злучаныя Штаты будуць дзейнічаць, я думаю, вельмі асьцярожна. Стаўкі цяпер выключна вялікія і для Ўкраіны, і для міжнароднай супольнасьці, і для расейскага лідэра. Так што, на мой погляд, мы не павінны чакаць з Вашынгтону ў бліжэйшыя дні нейкіх гучных заяваў і вестак аб гатоўнасьці да драматычных крокаў. Такая пазыцыя можа расчараваць вядучых палітычных ток-шоў ці амэрыканскіх заканадаўцаў , але сьпешка ў прыняцьці рашэньняў не зьяўляецца прыкметай лідэрства ў галіне міжнароднай палітыкі, — падкрэсьлівае Эндру Вайс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG